Мінск 18:14

Памер бюджэтнага дэфіцыту на 2026 год сведчыць аб узважаным падыходзе да кіравання дзяржфінансамі — Мінфін

Ілюстрацыя: freepik.com

31 снежня, Позірк. Запланаваны на 2026 год памер бюджэтнага дэфіцыту (4,3 млрд рублёў, ці менш за 1,5% ВУП) “істотна ніжэй за парогавае значэнне ў 3%, якое прынята ў міжнароднай практыцы як крытэрый бюджэтнай устойлівасці“, заявіла першы намеснік міністра фінансаў Алена Печань у інтэрв’ю ведамаснаму часопісу “Финансы. Учет. Аудит“ (сузаснавальнікі — Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, Беларускі дзяржаўны універсітэт, “Белдзяржстрах”).

“На фоне многіх краін, якія балансуюць паблізу гэтай мяжы або перавышаюць яе, беларускія параметры выглядаюць падкрэслена кансерватыўнымі і сведчаць аб узважаным падыходзе да кіравання дзяржаўнымі фінансамі“, — сказала прадстаўнік Мінфіна.

Паводле яе слоў, пакрыццё дэфіцыту забяспечваецца з дзвюх крыніц: “Па-першае, гэта рэшткі бюджэтных сродкаў, назапашаныя ў папярэднія перыяды. Па-другое — мэтавыя запазычанні, якія прыцягваюцца пад канкрэтныя інвестыцыйныя праекты”.

“Агулам бюджэт на 2026 год сфармаваны з улікам рэальна наяўных рэсурсаў і забяспечвае поўнае фінансаванне прынятых дзяржавай сацыяльных і фінансавых абавязацельстваў. Захоўваецца ўстойлівасць бюджэтнай сістэмы, падтрымліваецца макраэканамічная стабільнасць”, — сцвярджае Печань.

У 2026 годзе даходная частка бюджэту запланаваная ў памеры 54,4 млрд рублёў (+12,4% да 2025-га), расходная — 58,7 (+10,4%).

Іншыя падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+” (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Падзяліцца: