Мінск 23:40

55-гадовы пешаход загінуў у ДТЗ у Драгічынскім раёне

Фота: УУС Брэсцкага аблвыканкама

30 снежня, Позірк. Аб смяротным дарожна-транспартным здарэнні ў Драгічынскім раёне паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Аварыя здарылася 29 снежня каля 19.35 на 8-м кіламетры аўтадарогі Драгічын — Радастава — Дзівін паблізу вёскі Новая Папіна. Адзначаецца, што 31-гадовы жыхар Драгічына здзейсніў наезд на 55-гадовага мужчыну-пешахода, які рухаўся па праезнай частцы дарогі ў спадарожным кірунку.

Пешаход загінуў. Сцвярджаецца, што ён “меў прыкметы алкагольнага ап’янення і не быў пазначаны святлоадбівальным элементам у цёмны час сутак”.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што пешаход абавязаны рухацца па тратуары, пешаходнай дарожцы, а пры іх адсутнасці — па веласіпеднай дарожцы альбо абочыне. У выпадку адсутнасці названых элементаў дарогі або немагчымасці руху пешаходаў па іх дапускаецца рух па краі праезнай часткі насустрач руху транспартных сродкаў. Пры гэтым у цёмны час сутак пешаход павінен пазначыць сябе святлоадбівальным элементам.

Як раней паведамляў Следчы камітэт, у першай палове 2025 года ў Беларусі зафіксавана зніжэнне колькасці дарожна‑транспартных здарэнняў і пацярпелых у іх людзей, аднак узрасла колькасць загінулых. Значны рост колькасці ДТЗ назіраецца ў Гомельскай вобласці, загінулых — у Мінску, параненых — у Мінскай вобласці. Дакладныя лічбы не называліся.

Начальнік ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў 21 кастрычніка паведаміў, што ў 2024 годзе ў ДТЗ загінулі 434 чалавекі.

Падзяліцца: