Мінск 23:40

За кошт сродкаў Дзяржінвестпраграмы пабудуюць аўтадарогі, бальніцы і цэнтр патрыятычнага выхавання

30 снежня, Позірк. У рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў 2026 годзе прадугледжваецца праектаванне і будаўніцтва 62 аб’ектаў, а таксама фінансаванне 11 мерапрыемстваў, паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Як удакладняецца, адпаведны ўказ ён падпісаў 30 снежня.

На фінансаванне аб’ектаў, уключаных у праграму, у 2026 годзе прадугледжана 2 млрд 987,7 млн рублёў (каля 1 млрд 15 млн 218 тыс. долараў).

21 аб’ект плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2026 годзе.

За кошт сродкаў праграмы (уключаючы сродкі мясцовых бюджэтаў) у 2026 годзе будуць будавацца і рэканструявацца: галінка чыгуначнага шляху для хуткасных зносін з Нацыянальным аэрапортам Мінск; аўтамабільныя дарогі М-10 (Гомель — Кобрын), М-3 (Мінск — Віцебск), Р-122 (Магілёў — Касцюковічы); масты праз раку Днепр (на аўтадарозе М-10 Гомель — Кобрын), раку Мухавец (Р-2 Стоўбцы — Кобрын), раку Вілія (Р-28 Мінск — Нарач).

Таксама плануецца пабудаваць абласны анкалагічны дыспансер у Гродне, новыя карпусы абласной бальніцы ў Брэсце і РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах, рэабілітацыйны цэнтр у Аксакаўшчыне, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ў Мінску і Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці.

У рамках праграмы ў 2026 годзе 177 млн рублёў накіруюць на меліярацыю, захаванне і пашырэнне сельскагаспадарчых зямель.

У рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў 2025 годзе прадугледжвалася фінансаванне 82 аб’ектаў, з іх 40 планавалася ўвесці ў эксплуатацыю.

На фінансаванне аб’ектаў, уключаных у праграму, было прадугледжана 2,207 млрд беларускіх рублёў (каля 646,8 млн долараў).

Падзяліцца: