Мінск 19:14

На фоне продажу Вашынгтонам зброі Тайваню МЗС Беларусі падтрымаў “нацыянальнае ўз’яднанне” Кітая

Будынак МЗС Беларусі ў Мінску
Фота: МЗС

30 снежня, Позірк. Беларусь “уважліва назірае за развіццём сітуацыі вакол вострава Тайвань”, заявіла 30 снежня Міністэрства замежных спраў.

У ведамстве выказалі падтрымку намаганняў Кітая па “дасягненні нацыянальнага ўз’яднання, абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці”.

“Ніводная дзяржава не мае права ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых краін і ажыццяўляць ціск, у тым ліку шляхам палітычнай, фінансавай, ваеннай і іншай падтрымкі. Падобныя дзеянні вядуць да эскалацыі напружанасці, дэстабілізуюць абстаноўку і парушаюць баланс у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, што ў канчатковым выніку падрывае асновы міжнароднай бяспекі”, — гаворыцца ў заяве.

29 снежня стала вядома, што Кітай пачаў новы этап вайсковых вучэнняў вакол Тайваня, якія ў Пекіне назвалі папярэджаннем “сепаратысцкім сілам”. Вучэнні пачатыя неўзабаве пасля заключэння Тайбэем найбуйнейшай у гісторыі здзелкі па закупцы зброі ў ЗША.

Вашынгтон у снежні абвясціў аб продажы Тайваню зброі на суму каля 11 млрд долараў, у пакет уваходзяць сучасныя ракетныя ўстаноўкі, самаходныя гаўбіцы, ракеты. Міністэрства абароны Тайваня падзякавала ЗША і заявіла, што здзелка дапаможа востраву “хутка стварыць магутныя сродкі стрымлівання”.

Пекін, які лічыць Тайвань “правінцыяй, якая адкалолася”, асудзіў гэты крок, заявіўшы, што ён “сур’ёзна падрывае суверэнітэт, бяспеку і тэрытарыяльную цэласнасць Кітая”.

Падчас кансультацый паміж МЗС з Кітаем, якія прайшлі 17 снежня ў Мінску, у кантэксце абмеркавання сітуацыі вакол Тайваня беларускі бок “пацвердзіў, што застаецца прыхільным прынцыпу “аднаго Кітая”, падтрымлівае ўсе намаганні кітайскага ўрада ў абароне нацыянальнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці”.

Прынцып “аднаго Кітая” — гэта палітычная дактрына, згодна з якой існуе толькі адна кітайская дзяржава — Кітай, а Тайвань лічыцца яго неад’емнай часткай (правінцыяй).

Дэ-факта Тайвань (які называе сябе Рэспубліка Кітай) мае ўласныя ўрад, войска, валюту і законы, але не прызнаны пераважнай большасцю краін як асобная дзяржава.

Кітай пастаянна праводзіць вучэнні вакол Тайваня, уключаючы перакідкі самалётаў і караблёў, а таксама вакол Тайваньскага праліва — гэта частка ціску на Тайбэй.

Падзяліцца: