Мінск 18:12

За суткі ахвярамі агню ў Беларусі сталі сем чалавек

Фота: pixabay.com

30 снежня, Позірк. Сем чалавек памерла ад агню за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 29 снежня па 6:00 30 снежня), вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Мужчына 1975 года нараджэння загінуў у аграгарадку Альгова Віцебскага раёна.

У дачным доме на тэрыторыі садовага таварыства каля вёскі Прылепы Смалявіцкага раёна (Мінская вобласць) знойдзена цела жанчыны 1961 г.н.

Жанчына 1946 г.н. стала ахвярай агню ў вёсцы Кіцін Жлобінскага раёна (Гомельская вобласць).

Смерць гаспадара дома 1961 г.н. зафіксавана ў вёсцы Дзярновічы Верхнядзвінскага раёна (Віцебская вобласць).

У кватэры жылога дома ў Магілёве загінула жанчына 1950 г.н.

У Полацку (Віцебская вобласць) на пажары загінуў мужчына 1972 г.н.

Акрамя гэтага, у бальніцы ад траўмаў, атрыманых на пажары ў Пінску (Брэсцкая вобласць) 21 снежня, памёр мужчына 1961 г.н.

Ва ўсіх выпадках, як адзначаецца, прычыны пажараў высвятляюцца.

З пачатку года, паводле звестак МНС, ахвярамі пажараў у Беларусі стала 529 чалавек (год таму на гэтую ж дату — 549, зніжэнне на 3,6%). Пры гэтым колькасць пажараў узрасла на 2,4% — з 6.165 да 6.315.

“Позірк” неаднаразова звяртаў увагу на тое, што МНС перыядычна карэктуе статыстыку смяротнасці на пажарах у бок змяншэння.

Згодна з тлумачэннем ведамства, часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца, што смерць наступіла не з-за пажару. Наадварот, як заявіла МНС, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля таго, як чалавек памёр.

Падзяліцца: