Мінск 14:52

Ад пачатку года польскія памежнікі зафіксавалі не менш як 185 выпадкаў кантрабанды цыгарэт аэрастатамі

Фрагменты метэазонда з кантрабандай
Фота: Памежная ахова Польшчы

30 снежня, Позірк. Ад пачатку 2025 года Падляскі аддзел Памежнай аховы Польшчы, які працуе на мяжы з Беларуссю, зафіксаваў 135 выпадкаў, звязаных з кантрабандай цыгарэт з выкарыстаннем метэаралагічных шароў.

Арыентавальны кошт вынятых цыгарэт — больш за 3,4 млн злотых (звыш 947 тыс. долараў паводле актуальнага курсу Нацбанка Польшчы), паведамляецца на сайце памежнай службы.

Згодна з інфармацыяй ведамства, на святочныя выходныя (з 24 па 28 снежня) выяўлена пяць “пасылак з цыгарэтнай кантрабандай”. У іх было больш за 7 тыс. пачкаў цыгарэт розных марак арыентавальным коштам звыш 120 тыс. злотых (больш за 33,4 тыс. долараў). Асобы датычных да адпраўкі і атрымання гэтых грузаў высвятляюцца.

На 15 снежня Надбужанскі аддзел памежнага ведамства, які ахоўвае мяжу з Беларуссю і Украінай, зафіксаваў больш за 50 выпадкаў, звязаных з нелегальным перамяшчэннем акцызных тавараў праз мяжу з дапамогай метэаралагічных шароў. Тады паведамлялася, што ацэначны кошт вынятых цыгарэт — больш за 1 млн злотых (звыш 278 тыс. долараў).

Такім чынам, ад пачатку года памежнікі двух аддзелаў зафіксавалі больш за 185 выпадкаў кантрабанды цыгарэт з дапамогай аэрастатаў, вынялі дастаўленай такім чынам тытунёвай прадукцыі на суму больш як 1,2 млн долараў.

Падзяліцца: