Мінск 13:19

Лукашэнка памілаваў 22 чалавекі, большасць — асуджаныя “за злачынствы экстрэмісцкай cкіраванасці”

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

30 снежня, Позірк. Указ аб памілаванні 22 чалавек падпісаў 30 снежня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы.

Заяўлена, што “з гэтай колькасці 20 чалавек былі асуджаныя за злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці”. “Сярод памілаваных 15 жанчын і 7 мужчын, 11 чалавек мае непаўналетніх дзецей”, — гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, што ўсе гэтыя людзі напісалі прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, а таксама “прызналі віну і раскаяліся ў зробленым”.

“Рашэнне аб памілаванні прынятае прэзідэнтам з гуманітарных меркаванняў і ў інтарэсах сем’яў, а таксама з улікам станоўчых характарыстык памілаваных асоб”, — адзначана ў паведамленні.

Практыка вызвалення палітвязняў працягваецца ў Беларусі з ліпеня 2024 года. Зафіксавана не менш як 13 хваляў памілаванняў на падставе аналагічных указаў, у выніку якіх на волю выйшла каля 350 чалавек. Паралельна вязняў перыядычна вызваляюць і высылаюць з краіны — у межах дамоўленасцяў прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з Лукашэнкам.

Разам з тым праваабаронцы рэгулярна прызнаюць палітвязнямі новых людзей, якія зазнаюць пераслед з боку ўладаў. Гэта сведчыць пра тое, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, нягледзячы на ​​падобныя акты з боку Лукашэнкі.

Падзяліцца: