Мінск 16:05

У Польшчы за ўвоз фанеры з Беларусі і РФ у абыход санкцый затрыманыя пяць чалавек — ім выстаўленыя абвінавачанні

Ілюстрацыйнае фота: abraziv.by

29 снежня, Позірк. Трое польскіх грамадзян і двое расіян затрыманыя 18 снежня ў Польшчы за арганізацыю ўвозу драўніны з Беларусі і Расіі ў абыход санкцый, паведамляе Акруговая пракуратура Гданьска.

Затрыманыя — мужчыны ва ўзросце ад 43 да 64 гадоў. Ім выстаўленыя абвінавачанні паводле п. 1 ч. 1 арт. 15 закона ад 13 красавіка 2022 года “Аб спецыяльных рашэннях у сферы супрацьдзеяння падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароны нацыянальнай бяспекі”, а таксама паводле §2 арт. 87 Падаткова-крымінальнага кодэкса ды іншых артыкулаў, якія тычацца ўвозу ў Польшчу драўнянай прадукцыі (у выглядзе фанеры і драўляных планак), якая трапляе пад нетарыфнае рэгуляванне і санкцыі Еўрасаюза.

Сцвярджаецца, што ў 2022–2024 група суб’ектаў, зарэгістраваных у Паморскім ваяводстве, абыходзіла санкцыі ЕС, уведзеныя ў дачыненні да РФ і Беларусі ў сувязі з агрэсіяй супраць Украіны (абноўленыя рэгламенты Савета ЕС №765/2006 ад 18 мая 2006 года і №833/2014 ад 31 ліпеня 2014 года).

Паводле інфармацыі пракуратуры, асобы, якія дзейнічалі ад імя суб’ектаў польскага рынку, “прымянялі розныя механізмы абыходу санкцый, у тым ліку імітавалі пастаўкі нібыта ў выкананне раней заключаных дагавораў з расійскімі і беларускімі контрагентамі, паказвалі фіктыўнае паходжанне драўняных тавараў з Казахстана і Турцыі, а таксама пазначалі тавары няправільным кодам мытнай тарыфнай класіфікацыі, які стварае бачнасць пастаўкі прадукцыі, што не трапляе пад санкцыі”.

Варта адзначыць, што пракурор прасіў змясціць усіх затрыманых пад арышт на 3 месяцы, але суд у Гданьску ў гэтым адмовіў, палічыўшы, што фігуранты справы не стануць перашкаджаць расследаванню. На рашэнне суда пададзеная апеляцыя.

Як паведамляў “Позірк”, у траўні Мытна-падатковая служба (МПЗ) Мазавецкага ваяводства пад наглядам Акруговай пракуратуры ў Варшаве распачала расследаванне па фактах мытнага махлярства і злачынстваў, звязаных з парушэннем санкцый ЕС на імпарт бярозавай фанеры з Беларусі і РФ. Тады траіх падазраваных змясцілі пад варту на 3 месяцы.

Напрыканцы студзеня 2025 года арганізацыя Earthsigth паведамляла ў сваім расследаванні, што з ліпеня 2022-га, калі Еўрасаюз увёў абмежаванні на імпарт прадукцыі дрэваапрацоўкі з Беларусі і Расіі, па кастрычнік 2024-га ў ЕС закупілі падсанкцыйнай фанеры з гэтых краін на 1,5 млрд еўра.

Фанера з Беларусі і РФ афармляецца як прадукцыя, вырабленая ў іншых краінах, напрыклад, у Кітаі, Казахстане, Грузіі і Турцыі, пасля чаго накіроўваецца на еўрапейскі рынак. Найбуйнейшымі імпарцёрамі выступаюць Польшча, Эстонія, Германія, Грэцыя, Італія, Іспанія і Партугалія. Кожны дзень, сцвярджалася ў расследаванні, у ЕС увозяць 22 кантэйнеры з падсанкцыйным таварам.

Напрыканцы красавіка брытанскае выданне The Guardian паведаміла, што падсанкцыйная беларуская драўніна з Беларусі і РФ увозіцца ў Вялікабрытанію.

Падзяліцца: