Мінск 15:32

СБУ заявіла пра затрыманне ў Кіеве агента, які працаваў на Дзяржпагранкамітэт Беларусі

Фота: СБУ


29 снежня, Позірк. Пра затрыманне ў Кіеве агента беларускіх і расійскіх спецслужбаў паведаміла 29 снежня Служба бяспекі Украіны.

“На замову памежнага камітэта Беларусі ён шпіёніў за лакацыямі Сіл абароны, а па ўказках з РФ карэктаваў атакі рашыстаў на энергааб’екты сталічнага рэгіёну“, — заявіў афіцыйны прадстаўнік СБУ. Паводле звестак следства, гэта быў мясцовы рознарабочы, завербаваны праз тэлеграм-каналы, дзе ён “публікаваў пракрамлёўскія каментары“.

Паводле слоў спікера СБУ, на аснове інфармацыі ад агента “акупанты спадзяваліся вывесці з ладу ключавыя энергагенеруючыя прадпрыемствы, якія ацяпляюць большую частку жылога фонду і сацыяльнай інфраструктуры Кіева“.

“Задакументавана, як агент спачатку вёў назіранне з акна ўласнай кватэры за перыметрам адной са сталічных ЦЭЦ. Затым ён праводзіў даразведку паблізу гэтага аб’екта, каб высветліць яго тэхнічны стан пасля нядаўніх варожых абстрэлаў сталіцы. Сабраную інфармацыю фігурант накіроўваў варожым спецслужбам для далейшых абстрэлаў сталічнай ЦЭЦ“, — сказаў прадстаўнік украінскага ведамства.

У выпадку выканання заданняў агент разлічваў на эвакуацыю з Украіны, для чаго “падрыхтаваў тактычны заплечнік з прадметамі першай неабходнасці, якія планаваў выкарыстоўваць падчас нелегальнага перасячэння мяжы“.

Супрацоўнікі СБУ “своечасова выявілі намеры зламысніка і затрымалі яго па месцы пражывання ў Кіеве“. Адначасова “прыняты меры па забеспячэнні бяспекі размяшчэння патэнцыйных цэляў”.

Грамадзяніну абвешчана падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе, здзейсненай ва ўмовах ваеннага становішча (ч. 2 арт. 111 КК Украіны). Яму пагражае пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці. Затрыманы знаходзіцца пад вартай.

Падзяліцца: