Мінск 16:07

З 22 студзеня ў Беларусь можна будзе зноў бязмытна ўвозіць электрамабілі

Фота: atlantm.by

26 снежня, Позірк. Дзеянне новай тарыфнай ільготы ў дачыненні да электрамабіляў, якія ўвозяцца ў Арменію, Беларусь і Кыргызстан, пачнецца з 22 студзеня 2026 года, паведамляе Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК).

Гэта прадугледжана рашэннем ЕЭК ад 5 снежня 2025 года № 111 аб “прадастаўленні тарыфнай ільготы ў выглядзе вызвалення ад выплаты мытнай пошліны ў дачыненні да электрамабіляў, якія ўвозяцца ў шэраг дзяржаў членаў [ЕАЭС] у 2026 годзе”.

Квота на льготны ўвоз электрамабіляў у 2025 годзе была вычарпаная ў Беларусі 1 кастрычніка.

Гаворка аб ільготах, прадугледжаных пп. 7.1.38 п. 7 Рашэння камісіі Мытнага саюза ад 27 лістапада 2009 года Nº 130 “Аб адзіным мытна-тарыфным рэгуляванні Еўразійскага эканамічнага саюза для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў”.

У 2025 годзе ЕЭК была ўстаноўленая квота ў 15.000 электрамабіляў, якія можна бяспошлінна завезці ў Беларусь юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

У 2024 годзе колькасць легкавых электрамабіляў у жыхароў Беларусі вырасла ў 3,2 раза (з 6.413 да 20.745), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Улады чакаюць, што да канца 2025 года колькасць электрамабіляў у Беларусі вырасце да 50 тыс., заявіў віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч 15 кастрычніка на панэльнай сесіі форуму “Расійскі энэргетычны тыдзень”.

Падзяліцца: