Мінск 17:29

“Вясна”: З пачатку года пры садзейнічанні ЗША вызваленыя 342 чалавекі, з ліпеня 2024-га — 569

Фота: advokatos.by

24 снежня, Позірк. З пачатку 2025 года пры садзейнічанні ЗША з беларускіх месцаў несвабоды вызваленыя 342 чалавекі, з ліпеня 2024-га — калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў выпускаць палітвязняў групамі — “памілавана” 569 асуджаных. Пра гэта паведамляецца ў справаздачы праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Адзначаецца, што 189 чалавек пасля вызвалення “прымусова вывезлі з краіны, пазбавіўшы магчымасці застацца дома і выбіраць уласную будучыню”.

Такое “вызваленне пад умовай выезду” праваабаронцы называюць “новым інструментам палітычнага ціску — гэта супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным актам”.

Сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі “застаецца стабільна крытычнай: людзі паміраюць у зняволенні, утрымліваюцца ў ізаляцыі без сувязі са светам і належнай медыцынскай дапамогі”, падкрэслівае “Вясна”.

На 23 снежня 2025 года ў месцах зняволення ўтрымлівалася 1.135 палітвязняў. Сярод іх 28 прадстаўнікоў медыя, тры праваабаронцы, 21 медык, 16 юрыстаў і адвакатаў.

Праваабаронцам вядома не менш чым пра 164 палітвязняў, якія “знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы”, мінімум 56 з іх маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, сем — інваліднасць, 26 — старэйшыя за 60 гадоў, 10 — з ментальнымі разладамі.

Сярод палітвязняў 34 чалавекі ў складаных сямейных абставінах. Гэта адзінокія або шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і (мінімум 20), дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі, гаворыцца ў справаздачы.

Усяго з 2020 года больш за 1.700 чалавек цалкам адбылі тэрміны і выйшлі з месцаў несвабоды, з іх мінімум 300 — у 2025 годзе.

Паводле звестак “Вясны”, на 23 снежня за кратамі заставалася не менш за 20 замежных грамадзян.

У рэжыме “інкамунікада” (поўнай інфармацыйнай ізаляцыі) утрымліваюцца не менша чым чатыры палітвязні: Аляксандр Арановіч, Уладзімір Кніга, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Францкевіч.

У гэтым годзе за кратамі памерлі два палітвязні — Валянцін Штэрмер і грамадзянін РФ Андрэй Паднябенны.

Пашпарты палітвязням, якіх вызваляюць і высылаюць з краіны, не аддаюць свядома, прызнаўся Лукашэнка, адказваючы на пытанні ўдзельнікаў другой сесіі VII Усебеларускага народнага сходу 18 снежня.

“Яны (асуджаныя паводле палітычных матываў. — “Позірк”.) нам не патрэбныя. Калі гэта вашы людзі, забірайце, калі ласка, вывозьце іх там, што хочаце, тое і рабіце. Выехаў — гвалтам крычаць: а пашпартоў няма! Дык а чаго мы вам, пашпарты павінны выпісваць, сваім ворагам?” — сказаў Лукашэнка, які ў верасні 2023 года сваім указам забараніў афармляць пашпарты ў беларускіх замежных установах.

Лукашэнка паведаміў, што ў вывезеных з краіны не будзе магчымасці вярнуцца, каб яны не стваралі праблем, у тым ліку яму: “Сюды яны не трапяць, хай там ваююць”. “2020 года больш не будзе”, — сказаў ён. Паводле слоў прамоўцы, ён не прыняў прапанову амерыканцаў даць магчымасць памілаваным у рамках дамоўленасцяў з Вашынгтонам застацца ў краіне.

Акрамя таго, Лукашэнка прыгразіў закрыць уезд тым, хто эміграваў, але перыядычна прыязджае на Радзіму: “Мы ўсялякія перамяшчэнні гэтых людзей сюды забаронім, і зубы будуць лячыць там — нават пры абмежаванай заработнай плаце, пасудамыйкі там і г.д. Усё там. Пайшлі [ў эміграцыю] — паспрабуйце. Хочаце — да [генеральнага пракурора] Шведа, у камісію [па вяртанні]. Скажуць “так” — значыць, так, “не” — значыць, не”.

Падзяліцца: