Былы дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Цароў, якога завочна асудзіла і шукае Украіна, наведаў Беларусь

24 снежня, Позірк. Былы дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Цароў, які перайшоў на бок Расіі і адшукваецца Украінай, наведаў Беларусь.
Мяркуючы з паведамленняў і фатаграфій Царова ў сацсетках, увечары 20 снежня ён выехаў цягніком Масква — Мінск і ўвечары 23 снежня вылецеў назад рэйсам “Белавія“. Магчыма, пражываў у пяцізоркавым “Прэзідэнт-гатэлі”: двойчы завочна асуджаны ўкраінскім судом палітык сфатаграфаваўся з афіцыянткай гэтай гасцініцы.
“Адчуў эстэтычны шок. Еду ў савецкім купэ, дзе ўсё новае і ўсё працуе. Чатыры кнопкі рэгулявання яркасці святла. Працуе вентыляцыя, рычаг пераключэння ня адламаны і сапраўды рэгулюе паток паветра — праверыў. Радыё, разетка, індыкацыя занятасці туалета“, — апісаў Цароў свае ўражанні ад паездкі на цягніку.
“Дарэчы, у Беларусі (у рускамоўным арыгінале “в Белоруссии”. — “Позірк”.) спакойна грузіцца YouTube, прымаюцца званкі па What’s App і Telegram. Грузяцца наўпрост сайты замежных СМІ. На фоне абмежаванняў ва ўсім свеце проста аазіс дэмакратыі”, — падзяліўся радасцю калабарант, які пражывае, паводле звестак украінскіх СМІ, пераважна ў анексаваным Расіяй Крыме. Улады РФ абмяжоўваюць альбо блакуюць доступ да тых ці іншых месенджараў у рамках барацьбы з іншадумствам і ўкраінскімі дронамі. Пры гэтым Цароў не згадаў, што беларускія ўлады таксама блакуюць доступ да непажаданага для іх кантэнту.
Цароў не паведаміў, ці праводзіў у Беларусі якія-небудзь сустрэчы.
Вясной 2022 года ён быў завочна прыгавораны ўкраінскім судом да 12 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў публічных закліках да змены дзяржаўнай мяжы Украіны і гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу.
Увосень 2024 года былы дэпутат ВР завочна атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў фінансаванні ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны. У даход дзяржавы канфіскавана яго маёмасць больш чым на 460 млн грывень (каля 11 млн долараў). Пры гэтым асноўная частка маёмасці знаходзіцца ў анексаваным Расіяй Крыме (санаторый і музей, ацэненыя ў 456 млн грывень) і дэ-факта пакуль не можа быць канфіскаваная.
У кастрычніку 2023 года ў Крыме на Царова быў здзейснены замах.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь першая па зарплаце ў ЕАЭС толькі ў адным з 19 відаў дзейнасці (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 23 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаЗ пачатку снежня суседнія краіны ЕС зафіксавалі 404 спробы нелегальнай міграцыі з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка



