Вызвалены праваабаронца Лабковіч заклікаў адміністрацыю Трампа працягваць дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў (дапоўнена)

22 снежня, Позірк. З заклікам працягваць дамагацца выхаду на свабоду ўсіх палітвязняў у Беларусі звярнуўся да адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа вызвалены 13 снежня каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч на прэс-канферэнцыі 22 снежня ў Вільнюсе.
“Вельмі важна цяпер сказаць дзякуй тым людзям, якія правялі гэтую гуманітарную акцыю ў надзвычай складаных умовах, — сказаў ён. — У першую чаргу, вядома, адміністрацыі Дональда Трампа і яму як чалавеку, які быў непасрэдна аўтарам гэтага працэсу і распачаў гэтую гуманітарную місію па вызваленні беларускіх палітзняволеных з боку Амерыкі, за тое, што гэтая праца ўжо прыносіць плён. Мы вельмі спадзяемся, што гэты працэс працягнецца”.
“Я асабіста думаю, што да гэтага далучацца ўсе, — просім амерыканскую адміністрацыю працягваць, безумоўна, усе свае намаганні дыпламатычныя, <…> для таго каб у Беларусі як мага хутчэй усе палітычныя зняволеныя апынуліся на волі”, — дадаў праваабаронца.
Лабковіч таксама выказаў падзяку ўкраінскаму боку, які “ў абсалютна надзвычайных умовах” не толькі прыняў вызваленых і вывезеных палітзняволеных, але “таксама забяспечыў абсалютна ўсім неабходным, нават звыш таго, што патрабавалася зрабіць”.
“Тая пяшчота і цеплыня, якой мы былі ўвесь час аточаныя, гэта надзвычай важна, асабліва ў сітуацыі, калі (скажам так, кожныя дзве гадзіны, дзе мы знаходзіліся, мы чулі гук паветранай трывогі) Украіна ваюе, ва Украіне ідзе вайна, — падкрэсліў праваабаронца. — Тое, што ў гэтых умовах яны знайшлі сілы, магчымасці правесці такую аперацыю, гэта вельмі важна. <…> Гэта вельмі складаная праца. Спадару [прэзідэнту Украіны Уладзіміру] Зяленскаму асабіста дзякуй, камандзе ўкраінскага ўрада — ад спецслужбоўцаў да медыкаў, якія займаліся нашым выратаваннем у прамым сэнсе слова”.
Экс-палітвязень выказаў “вялікі дзякуй краінам Еўрасаюза, якія непасрэдна далучыліся да вызвалення”, у прыватнасці Польшчы, якая “прыняла шмат сяброў і забяспечыла вельмі хуткі, камфортны, максімальны зручны транзіт у Літву”.
“Безумоўна, шчыры дзякуй літоўскаму боку, які нас прымае. Мы вельмі спадзяемся, што і надалей мы будзем добра прынятыя і зможам знайсці ўсе месца ў тых свабодных краінах, якія даюць прытулак, — адзначыў ён. — Шчыры дзякуй усім валанцёрам — беларускім, украінскім, <…> тым арганізацыям, якія робяць гэтую місію дзеля вызвалення палітвязняў”.
“Нам вельмі-вельмі важна ўсім, каб мы як мага хутчэй вызвалілі ўсіх, і на максімальна доўгі час <…> спынілі рэпрэсіі”, — падсумаваў Лабковіч.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства


