Кіраўнік Мінэнерга: Уключэнне трэцяга блока АЭС у энергасістэму запланавана на 2035–2038 гады
22 снежня, Позірк. Беларуская энергасістэма гатовая да інтэграцыі яшчэ аднаго блока АЭС у 2035 годзе, абмяркоўваецца перыяд уключэння трэцяга блока ў сістэму ў 2035–2038 гадах, заявіў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз 22 снежня перад пачаткам выязнога пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў Народнага сходу (ПП НС).
Паводле слоў міністра, якія перадае прэс-служба ПП НС, плануецца збудаванне трэцяга блока “ў выглядзе копіі блокаў, якія ўстаноўленыя на беларускай АЭС — гэта блокі магутнасцю 1.200 МВт”.
Пры гэтым кіраўнік ведамства падкрэсліў, што пытанне тэрмінаў “знаходзіцца ў стадыі абмеркавання”.
Паведамляецца, што “на ўзроўні Міністэрства энергетыкі і профільных дзяржорганаў сфарміраваны план першачарговых мерапрыемстваў, рыхтуецца пакет міжнародных пагадненняў, якія плануюцца да падпісання з расійскім бокам”. Сумесна з кіраўніцтвам расійскай дзяржкарпарацыі “Расатам” абмяркоўваюцца фінансавыя, тэхналагічныя, арганізацыйныя аспекты па рэалізацыі праекта будаўніцтва трэцяга энергаблока АЭС.
Паралельна арганізавана работа па вывучэнні перспектыў будаўніцтва ў Магілёўскай вобласці другой атамнай станцыі.
Паводле слоў Мароза, сумесная з расійскім бокам праца працягваецца і ў рамках праекта па ўзвядзенню ў Беларусі пункта захавання радыеактыўных адкідаў. Расійскія эксперты, як паведамляе ПП НС, “дапамагаюць беларускім калегам рыхтаваць кадры, асвойваць неабходныя кампетэнцыі, весці падрыхтоўку да будаўніцтва гэтага аб’екта”.
Збудаванне першай станцыі — Беларускай АЭС паблізу Астраўца — завяршылася ўвосень 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекта, пераважна за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы блок сілкуе энергасістэму з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га, у прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.
На працягу апошніх гадоў Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб магчымасці будаўніцтва другой атамнай станцыі. Ён даручаў чыноўнікам ацаніць мэтазгоднасць павелічэння колькасці энергаблокаў БелАЭС альбо збудавання яшчэ аднаго ядзернага энергетычнага аб’екта, у тым ліку 2 верасня (“Мы яе абавязкова пабудуем”).
Пра тое, што Мінэнерга рыхтуецца прадставіць ураду “абгрунтаваныя варыянты павелічэння атамнай генерацыі”, Мароз паведаміў 16 верасня.
14 лістапада пасля профільнай нарады ў Лукашэнкі былы міністр энергетыкі, цяпер віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч паведаміў аб прынятым рашэнні будаваць дадатковы — трэці — энергаблок на дзеючай Беларускай АЭС.
Лукашэнка, віншуючы 22 снежня з Днём энергетыка работнікаў галіны, заявіў, што рашэнне аб будаўніцтве трэцяга энергаблока атамнай станцыі “стала своечасовым і важным крокам на шляху далейшага развіцця Беларусі і ўмацавання яе суверэнітэту”.
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства


