Ціханоўская вітала вызваленне палітвязняў, запатрабавала спынення рэпрэсій і заклікала працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі

22 снежня, Позірк. “Мы вельмі рады бачыць людзей на волі і вітаем <…> [вызваленне палітвязняў], але мы не забываем, што за кратамі застаецца больш за 1.100 чалавек”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 22 снежня на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе.
Асобна ў гэтым кантэксце палітык згадала Анджэя Пачобута, Валянціна Стэфановіча, Марфу Рабкову, Мікалая Статкевіча, Кацярыну Андрэеву, дадаўшы, што “з’яўляюцца і новыя палітвязні”.
“Гэты каток рэпрэсій працягваецца і нават узмацняецца. Мы патрабуем поўнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў і, самае важнае, — спынення рэпрэсій. Усе палітычна матываваныя крымінальныя справы павінны быць закрытыя, вызваленыя павінны мець права самастойна выбіраць, заставацца ці з’ехаць [з Беларусі], а тыя, хто ў выгнанні, павінны мець магчымасць бяспечна вярнуцца дадому”, — заявіла Ціханоўская.
“Мы працягваем працаваць з нашымі міжнароднымі партнёрамі, каб дабіцца гэтых мэтаў. Ціск і санкцыі на рэжым павінны захоўвацца, пакуль працягваюцць рэпрэсіі, тэрор супраць беларусаў, а рэжым працягвае ўдзел у злачыннай вайне супраць Украіны і вядзе гібрыдныя атакі супраць Літвы і Польшчы”, — дадала дэмлідар.
Ціханоўская адзначыла, што са 123 вызваленых 13 снежня палітзняволеных 87 прыбылі ў Польшчу, 2 — у Германію, 28 чалавек прыехалі ў Літву, з іх 20 — праз Украіну. У Літву таксама былі вывезеныя 7 чалавек з замежным або падвойным грамадзянствам, і імі апякуюцца іх дзяржавы.
“Вываз вялікай групы людзей праз Украіну стаў нечаканасцю, але Украіна прыняла іх з вялікай цеплынёй і аказала максімальную дапамогу”, — падкрэсліла палітык.
Яна падзякавала “ўсім, хто меў дачыненне да гэтых вызваленняў — найперш прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, спецыяльнаму пасланніку Джону Коўлу, Крысу Сміту, амерыканскім дыпламатам — за бліскучую гуманітарную аперацыю”. Таксама Ціханоўская выказала падзякум Еўрапейскаму саюзу і “ўсім краінам, якія ўсе гэтыя гады прынцыпова і паслядоўна дамагаюцца вызвалення палітвязняў”.
“Гэтых вызваленняў магло б не быць без еўрапейскага ціску і амерыканскай дыпламатыі”, — сказала Ціханоўская.
Асобна яна падзякавала украінскаму боку — “найперш Офісу прэзідэнта, прэзідэнту Зяленскаму асабіста, Галоўнаму ўпраўленню выведкі і асабіста Кірылу Буданаву, а таксама ўкраінскай грамадзянскай супольнасці”.
“Украіна, якая сама знаходзіцца ў стане вайны, прадэманстравала неймаверны ўзровень салідарнасці”, — канстатавала дэмлідар.
“Перад намі стаяла няпростая задача — перавезці вызваленых на тэрыторыю Еўрапейскага саюза, дзе ўжо была падрыхтаваная дапамога. І тут я хачу асобна адзначыць падтрымку Польшчы, Літвы, ЗША і, безумоўна, Украіны. Асабліва складаным гэта было таму, што 20 чалавек былі вывезеныя без якіх-небудзь дакументаў”, — удакладніла яна.
Ціханоўская адзначыла працу беларускіх ініцыятыў, валанцёраў, праваабаронцаў і міжнародных партнёраў — “у першую чаргу Freedom House, Міжнароднага гуманітарнага фонду, “Вясны”, СДЖ, “Вольныя”, BySol, “Дысідэнт.by”, Беларускага дома правоў чалавека, Беларускага пашпартнага цэнтра, БАЖ, а таксама Літоўскага Чырвонага Крыжа”. “Гэта быў наш першы досвед такой цеснай супрацы”, — дадала палітык.
Паводле слоў дэмлідара, яна ўражаная ўзроўнем салідарнасці беларусаў, якія за двое сутак сабралі больш за 250 тыс. еўра дапамогі для вызваленых.
“Гэтыя сродкі дапамогуць забяспечыць людзей самым неабходным. Але нават гэтага недастаткова. Мы звяртаемся да міжнародных партнёраў з просьбай павялічыць падтрымку дапамогі рэпрэсаваным — праз Міжнародны гуманітарны фонд і беларускіх праваабаронцаў”, — сказала Ціханоўская.
На пачатку сваёй прамовы яна ўшанавала памяць Мікіты Мелказёрава. “Учора Беларусь страціла вялікага сына — таленавітага журналіста, чалавека, які рупліва працаваў дзеля Беларусі і пастаянна падымаў тэму палітвязняў. Гэта вялікая страта для ўсяго беларускага народа. Нам усім будзе вельмі цябе не хапаць, Мікіта”, — сказала палітык.
13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Аляксандр Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і 5 украінцаў былі вывезеныя на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі. Яшчэ адзін палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў высланы ў Літву.
Пазней з Украіны былыя палітвязні былі вывезеныя ў Польшчу, Літву і Германію.
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаЗ пачатку 2025 года зафіксавана больш за 1.400 парушэнняў правілаў выкарыстання паветранай прасторы Беларусі — камандуючы ВПС і СПАМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


