Мінск 13:03

Некалькі старонак на сайце Савета Еўропы прызнаныя “экстрэмісцкімі”

Ілюстрацыйнае фота: coe.int

21 снежня, Позірк. Некалькі старонак на сайце Савета Еўропы прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, звярнуў увагу праваабарончы цэнтр “Вясна”.

З запісу ў адпаведным пераліку на партале Міністэрства інфармацыі вынікае, што рашэнне было прынята 19 снежня судом Партызанскага раёна Мінска.

У спіс “экстэмісцкіх матэрыялаў” унесеныя старонкі сайта СЕ, звязаныя з дзейнасцю Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый (CINGO).

5 снежня суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” старонку Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый (CINGO), размешчаную на сайце Савета Еўропы. Пры гэтым у рашэнні быў пазначаны coe.int — сам афіцыйны сайт Савета Еўропы.

10 снежня гэтае рашэнне было адменена.

Савет Еўропы (СЕ) — міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 1949 годзе, якая аб’ядноўвае 46 еўрапейскіх краін для прасоўвання дэмакратыі, правоў чалавека, вяршэнства права і культурнага супрацоўніцтва, якая мае штаб-кватэру ў Страсбургу (Францыя).

Беларусь — адзіная краіна на кантыненце, якая не стала членам Савета Еўропы. У сакавіку 2022 года супрацоўніцтва СЕ з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі было прыпынена з-за падтрымкі ім агрэсіі Расіі супраць Украіны, і тады ж Расія была пазбаўленая членства ў Савеце Еўропы.

У якасці альтэрнатывы Камітэт міністраў Савета Еўропы стварыў кантактную групу па супрацоўніцтве паміж СЕ і дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Кантактная група працуе на прынцыпах празрыстасці ва ўзаемадзеянні з шырокім колам грамадскіх ініцыятыў Беларусі. Яе пасяджэнні праводзяцца на рэгулярнай аснове два разы на год.

Ад Савета Еўропы ў групе ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх палітычных структур, у тым ліку ПАСЕ і Офісу камісара па правах чалавека. СЕ таксама прадаставіў дэмсілам асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.

Другое сёлета пасяджэнне кантактнай групы прайшло 12 снежня.

На папярэднім пасяджэнні, 24 чэрвеня ў Страсбургу, прадстаўнікі АПК, Каардынацыйнай рады, Офіса Святланы Ціханоўскай, СМІ, праваабарончых і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці абмеркавалі з кіраўніцтвам структур Савета Еўропы рэалізацыю двухгадовай праграмы супрацоўніцтва.

Падзяліцца: