Мінск 02:25

У Літве ацэняць уздзеянне на наваколле патэнцыйнага сховішча радыеактыўных адходаў у Беларусі

19 снежня, Позірк. Пра атрыманне “паведамлення з Беларусі аб запланаванай эканамічнай дзейнасці — будаўніцтве палігона для пахавання і часовага захоўвання радыеактыўных адходаў” паведаміла 19 снежня Міністэрства навакольнага асяроддзя Літвы.

Адзначаецца, што Мінпрыроды Беларусі накіравала Вільнюсу адпаведны дакумент і запытвае інфармацыю пра намер Літвы ўдзельнічаць у працэсе ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце, а таксама каментарыі і прапановы па праграме ацэнкі ўздзеяння на наваколле.

Са спасылкай на даныя беларускага боку паведамляецца, што “ў якасці магчымых месцаў ажыццяўлення запланаванай гаспадарчай дзейнасці разглядаюцца Гродзенская, Гомельская і Магілёўская вобласці. Прыблізная плошча, неабходная для гэтай дзейнасці, складае 1 км2”.

“Рэалізацыя запланаванай эканамічнай дзейнасці плануецца паэтапна: этап будаўніцтва — 2028–2030 гады; пачатак эксплуатацыі — 2030 год; тэрмін эксплуатацыі — 100 гадоў. Беларусь плануе прыняць рашэнне аб мэтазгоднасці гэтай эканамічнай дзейнасці ў 2026 годзе”, — адзначае літоўскае ведамства.

Яно ж запрасіла “грамадскасць і зацікаўленыя ўстановы прадставіць свае меркаванні, каментарыі або прапановы” <…> па электроннай пошце да 6 студзеня 2026 года.

Адзначаецца, што “Міністэрства навакольнага асяроддзя, як установа, адказная за каардынацыю трансгранічнай ацэнкі ўздзеяння на наваколле, падрыхтуе і ацэніць прапановы, атрыманыя ад літоўскіх устаноў і грамадскасці, і прадставіць пазіцыю Літвы Беларусі”.

1 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім вызначыў заказчыка і генпадрадчыка будаўніцтва пункта пахавання радыеактыўных адходаў: РУП “Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі” і дзяржпрадпрыемства “Белэнергабуд — кіруючая кампанія холдынга”.

Аб’яднанне BelPol паведаміла 19 верасня са спасылкай на дакумент, які знаходзіцца ў яго распараджэнні, што пункт пахавання радыеактыўных адходаў размесцяць каля Беларускай АЭС.

Як сцвярджалася, на праект плануецца выдаткаваць больш за 940 млн рублёў, увядзенне ў эксплуатацыю намечана на 2030 год. Падкрэслівалася, што гаворка ідзе пра сярэдне- і нізкаактыўныя адходы — фільтры, іонаабменныя смолы, забруджаныя матэрыялы, спецадзенне, інструменты.

23 красавіка паведамлялася, што ў Дзяржатамнаглядзе разглядаюць тры магчымыя пляцоўкі для будаўніцтва пункта пахавання радыеактыўных адходаў: каля БелАЭС, у Магілёўскай вобласці і ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку (Гомельская вобласць). Зыходзячы з паведамлення літоўскага боку, усе тры варыянты пакуль з’яўляюцца працоўнымі.

Будаўніцтва БелАЭС каля Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася восенню 2023 года. Станцыя пабудавана па расійскім праекце, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Адпрацаванае паліва БелАЭС плануецца перапрацоўваць у Расіі.

Падзяліцца: