Мінск 02:25

Калеснікава — Ціханоўскай: Нам вельмі зараз важна вызваліць іншых людзей

19 снежня, Позірк. “Нам вельмі зараз важна вызваліць іншых людзей”, — сказала былая палітзняволеная Марыя Калеснікава ў тэлефоннай размове з дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай.

Відэа апублікавана ў тэлеграм-канале былога палітзняволенага прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі.

“Я не магу спакойна спаць, ведаючы, што дзяўчаты яшчэ там і бабулі, якім па 70 гадоў. І пры гэтым выпускаюць мяне, не выпускаюць іх. Гэта мая асабістая зараз мэта нумар адзін. Я думаю, што вы ўсе, вы таксама да гэтага далучаецеся”, — адзначыла Калеснікава.

Па словах экс-палітзняволенай, яна “заўсёды падтрымлівала” Ціханоўскую, паколькі “мала хто б змог зрабіць” тое, што тая зрабіла.

Бабарыка дадаў, што вызваленне палітвязняў — “гэта тая кропка, якая аб’ядноўвае людзей”: “Гэта вельмі важна. Я перакананы ў дабрыні, суперажыванні як адной з найлепшых рыс характару беларусаў. <…> Я думаю, што? Святлана, вы не горш за нас разумееце — вы рабілі тое, што маглі”.

“Неверагодна тое, што вы не проста ўзялі сцяг у рукі, вы захавалі нашу тэму на самой справе жывой, — дадаў былы прэтэндэнт у прэзідэнты. — Я перакананы, раз яна ёсць — мы можам зрабіць не проста такую добрую і прыгожую гісторыю, а гісторыю, якой ганарыцца будзем не толькі мы з вамі, але і нашыя дзеці і ўнукі. Трэба думаць аб тым, што будзе — і гэта ў нас наперадзе. Дзякуй усім, хто застаўся, хто ў сваіх руках пратрымаў гэтую далікатную маленькую расліну пад назвай Новая, свабодная і шчаслівая Беларусь”.

Прэс-служба Ціханоўскай пра размову паведаміла, але не прывяла падрабязнасцяў.

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцей паміж Мінскам і Вашынгтонам Аляксандр Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 іншаземцаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і пяць украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі. Яшчэ адзін палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў высланы ў Літву.

Вялікая група з 89 беларускіх палітвязняў у ноч на 18 снежня прыбыла з Украіны ў Варшаву.

Сярод тых, хто прыбыў у польскую сталіцу, — Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка. Яны з Варшавы накіруюцца ў Германію, якая заявіла, што прыме іх.

20 чалавек прыехала ў Вільнюс.

Падзяліцца: