Мінск 15:35

МНС: Ва ўстановах усіх тыпаў забараняецца прымяненне адкрытага агню і піратэхнікі

19 снежня, Позірк. Органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду напярэдадні навагодніх святаў праведзеныя праверкі на 1,5 тыс. аб’ектах і месцах правядзення мерапрыемстваў, паведаміў 19 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Васіль Сіўчак.

Акрамя таго, праведзены інструктаж для больш чым 8,5 тыс. службовых асоб.

“Ва ўстановах усіх тыпаў забараняецца прымяненне адкрытага агню і ўсіх тыпаў піратэхнічных вырабаў, — падкрэсліў прадстаўнік ведамства. — Ну, як правіла, бываюць выпадкі, грэбуюць асобныя кіраўнікі. Потым нясуць за гэта даволі сур’ёзную адміністрацыйную адказнасць. Мы ведаем шмат трагедый, якія адбываюцца ў такіх забаўляльных установах”.

Як адзначыў чыноўнік, грамадзяне павінны памятаць, што “піратэхнічныя вырабы — гэта вельмі небяспечная рэч, якая часцяком прыводзіць да трагічных наступстваў”.

Паводле слоў Сіўчака, у навагоднія і калядныя святы з 2023 на 2024 год адбылося 15 няшчасных выпадкаў, было траўмавана 12 чалавек (з іх чацвёра дзяцей). З 2024-га на 2025-ты — 42 і 47 (25) адпаведна.

Намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер Дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду Аляксандр Гулевіч адзначыў на прэс-канферэнцыі, што спажыўцам “асаблівую ўвагу трэба звяртаць на адпаведнасць ступені абароны ўпрыгажэння, гірлянды, месцу і ўмовам іх размяшчэння”.

Акрамя таго, трэба памятаць, што ў выпадку “надзвычайнага здарэння ў першую чаргу неабходна адключыць электратэхнічную прыладу, гірлянду ад сеткі”.

“Калі такой магчымасці няма, напрыклад, гірлянда загарэлася на елцы, то неабходна адключыць аўтаматычныя выключальнікі ў кватэрным, у павярховым шчытку”, — падкрэсліў Гулевіч.

Ён назваў “фэйкавай” інфармацыю, якая з’явілася ў інтэрнэце, што Дзяржэнэргагазнагляд штрафуе грамадзян за размяшчэнне гірлянд на вокнах.

Разам з тым, папярэдзіў чыноўнік, паводле правілаў тэхнічнай эксплуатацыі электраўстановак спажыўцоў, калі інспектар Дзяржэнергагазнагляду пры правядзенні праверкі домаўладання “выявіць нейкія парушэнні, якія могуць ствараць пагрозу жыццю і здароўю, і грамадзянін адмовіцца выпраўляць гэтае парушэнне, вось тады ёсць верагоднасць прыцягнення гэтага грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасці”.

8 студзеня намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і рэагавання на НС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Ігар Гулякевіч заявіў, што ў навагоднюю ноч 2025 года з-за няправільнага выкарыстання піратэхнікі адбылося 13 няшчасных выпадкаў, пацярпела 13 чалавек, трое з іх — дзеці.

Падзяліцца: