Мінск 15:34

Ціханоўская вітала прыняцце Еўрапарламентам рэзалюцыі па Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Michel Christen / EP

19 снежня, Позірк. Прыняцце Еўрапарламентам рэзалюцыі, у якой асуджаюцца гібрыдныя атакі беларускага рэжыму супраць Еўропы, вітала на сваёй старонцы ў сацсетцы Х дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Палітык адзначыла, што ў дакуменце таксама “выказваецца салідарнасць з Літвой”, там утрымліваецца заклік “да ўвядзення мэтавых санкцый” і “падкрэсліваецца неабходнасць процідзеяння дэзінфармацыі і забеспячэння поўнай міжнароднай адказнасці” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

18 снежня на сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу была прынятая рэзалюцыя “Няспынныя беларускія гібрыдныя атакі супраць Літвы”. За прыняцце дакумента прагаласавала 438 еўрадэпутатаў, супраць — 47, устрымалася — 48.

У дакуменце Еўрапейскі парламент “самым рашучым чынам” асуджае “акты гібрыднай вайны з боку Беларусі супраць Літвы і, такім чынам, супраць ЕС, якія паўтараюцца, узмацняюцца і становяцца ўсё больш частымі, уключаючы неаднаразовае ўварванне метэаралагічных шароў у паветраную прастору ЕС, а таксама акты эканамічнага прымусу і ваенныя правакацыі” з боку Беларусі.

9 снежня ўрад Літвы аб’явіў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню з-за “гібрыднай атакі Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якая ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

Урад балтыйскай краіны нагадаў, што праз пагрозу, якую ствараюць для грамадзянскай авіяцыі паветраныя шары з кантрабандай, вільнюскі аэрапорт з кастрычніка быў закрыты агулам больш за 60 гадзін. Праблема закранула больш за 350 рэйсаў і каля 51 тыс. пасажыраў.

Пазней у гэты ж дзень Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі заклікаў Літву да перамоваў па праблеме як паветраных шароў, так і літоўскіх грузавікоў, якія захраслі ў Беларусі.

18 снежня на VII Усебеларускім народным сходзе Лукашэнка заявіў аб адмове ісці на саступкі Літве.

Падзяліцца: