Мінск 13:54

Хрэнін абяцаў паказаць “Арэшнік”

19 снежня, Позірк. Пасля таго як расійскі ракетны комплекс “Арэшнік” заступіць у Беларусі на баявое дзяжурства, яго пакажуць журналістам, заявіў дзяржСМІ міністр абароны Віктар Хрэнін на палях Усебеларускага народнага сходу (УНС).

Паводле яго слоў, “Арэшнік” ужо дастаўлены ў Беларусь і “рыхтуецца да заступлення на баявое дзяжурства”.

“Як толькі гэта адбудзецца, мы абавязкова вас запросім і пакажам”, — адзначыў Хрэнін.

Пра тое, “Арэшнік” завезены ў Беларусь, заявіў 18 снежня Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на УНС. “Ён у нас з учорашняга дня і заступае на баявое дзяжурства”, — сказаў ён.

Інфармацыя аб размяшчэнні ў Беларусі расійскага ракетнага комплексу “Арэшнік” з’яўляецца “прапагандай страху для Еўропы выключна”, заявіў кіраўнік Цэнтра па супрацьдзеянні дэзінфармацыі пры Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка.

“Гэтая зброя носіць выключна інфармацыйны характар”, — падкрэсліў ён.

13 снежня кіраўнік Службы замежнай выведкі Украіны Алег Івашчанка заявіў, што калі “Арэшнік” з’явіцца ў Беларусі, Мінск “не будзе мець ніякіх правоў і паўнамоцтваў на яго прымяненне”, комплекс будзе знаходзіцца “ў адзінай сістэме кіравання Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння РФ”.

“Разгортванне “Арэшніка” на тэрыторыі Беларусі — гэта сродак ціску перш за ўсё на ЕС і НАТО, а не на Украіну, — мяркуе Івашчанка. — Такі крок дазволіць Расіі пашырыць свае здольнасці для нанясення раптоўнага ўдару па сталіцы любой еўрапейскай краіны і значна паменшыць час падлёту ракет у параўнанні з запускам з палігона Капусцін Яр”.

Пра тое, што размяшчэнне “Арэшніка” ў Беларусі прадстаўляе небяспеку для Еўропы, напрыканцы кастрычніка заяўляў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

12–16 верасня прайшлі маштабныя беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2025”, падчас якіх былі адпрацаваныя “планаванне прымянення” ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік”, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі ды інш.

Па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое адбылося 6 снежня 2024 года, Масква і Мінск зацвердзілі агульную канцэпцыю бяспекі і заключылі міждзяржаўны дагавор аб гарантыях бяспекі. Лукашэнка пасля пасяджэння заявіў, што папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі расійскія балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці “Арэшнік”. Пуцін адзначыў, што гэты ракетны комплекс можна будзе размясціць на беларускай тэрыторыі ў другой палове 2025 года.

26 студзеня 2025-га Лукашэнка заявіў журналістам, што “Арэшнік” будзе дастаўлены ў Беларусь “з дня на дзень”. Пры гэтым, кажучы пра тэрміны пастаўкі, ён паведаміў, што “гэта не гарыць”.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён “пажартаваў”, калі раней заяўляў пра неабходнасць размясціць у Беларусі 10 такіх ракетных комплексаў. Пуцін зрабіў яму на гэты конт “заўвагу”, бо Расія не абяцала такую ​​колькасць гэтага ўзбраення, дадаў палітык.

14 сакавіка, выступаючы ў Савеце Федэрацыі РФ, Лукашэнка сярод іншага заявіў, што Масква перадасць Беларусі некалькі ракетных комплексаў “Арэшнік” да канца года. Пускавыя ўстаноўкі да ракетнага комплексу, адзначыў ён, вырабляюць у Беларусі.

Сёлета 18 сакавіка дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што ў краіне падрыхтаваныя пляцоўкі для размяшчэння “Арэшніка”.

Упершыню пра жаданне размясціць “Арэшнік” на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада 2024 года на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).

Падзяліцца: