Мінск 22:41

Палітвязні, якія прыбылі ў Варшаву, 19 снежня пачнуць падавацца на міжнародную абарону — АПК 

Украінскі аўтобус з былымі беларускімі палітвязнямі ў сталіцы Польшчы Варшаве
Фота: "Позірк"

18 снежня, Позірк. Палітзняволеныя, якія прыбылі раніцай 18 снежня ў Варшаву і засталіся там, 19 снежня пачнуць падаваць дакументы на міжнародную абарону ў Польшчы, паведаміла прэс-служба Аб’яднанага переходнага кабінета (АПК).

Адзначаецца, што такая дамоўленасць дасягнутая падчас размовы намесніка кіраўніцы АПК Паўла Латушкі з кіраўніцтвам Галоўнай камендатуры Памежнай службы Польшчы і камендатуры Пагранічнай службы ў Варшаве. 

Беларусы групамі змогуць падаць дакументы на трох памежных пляцоўках. Польская памежная служба “выказала гатоўнасць прымаць дакументы і ў выходныя дні — суботу і нядзелю — аж да пачатку святочных дзён, каб максімальна паспрыяць паскарэнню працэдуры легалізацыі ў Польшчы”.

Латушка выказаў удзячнасць Міністэрству ўнутраных спраў Польшчы, Памежнай службе і МЗС Польшчы за аператыўнае рэагаванне на запыты і садзейнічанне ў пачатку працэдуры легалізацыі для вызваленых з турмаў беларусаў.

Раніцай таго ж дню Латушка правёў сустрэчу з дырэктарам бюро кіраўніка Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Анджэем Карпякам, а таксама з кіраўнікамі чатырох дэпартаментаў, якія займаюцца легалізацыяй замежнікаў. У сустрэчы ўзялі ўдзел кіраўнік прававой камісіі Каардынацыйнай рады, юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк і юрыст Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская.

Падчас сустрэчы быў абмеркаваны алгарытм далейшых крокаў па легалізацыі вызваленых палітзняволеных, якія застануцца ў Польшчы.

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Аляксандр Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і 5 украінцаў былі вывезеныя на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі. Яшчэ адзін палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі быў высланы ў Літву.

У Варшаву каля 4 гадзін раніцы па мясцовым часе 18 снежня прыбылі 89 былых беларускіх палітвязняў, астатнія 20 пасля кароткага прыпынку ў польскай сталіцы накіраваліся ў Вільнюс.

Падзяліцца: