Манцэвіч: У Беларусі і Літвы адзіная мэта — мы будзем жыць у свабоднай Еўропе

18 снежня, Позірк. Літоўская журналісцкая прэмія “Надзея свабоды” — узнагарода для ўсёй супольнасці беларускіх журналістаў, у тым ліку тых яе прадстаўнікоў, якія сёння ў няволі, заявіў на цырымоніі ўзнагароджання 18 снежня ў Вільнюсе сёлетні лаўрэат рэдактар “Рэгіянальнай газеты”, экс-палітвязень Аляксандр Манцэвіч.
Прэмія заснаваная парламентарыем Казісам Старкявічусам і ўручаецца разам з літоўскімі журналісцкімі арганізацыямі. У 2024 годзе гэтую ўзнагароду атрымала галоўны рэдактар ”Медыязона. Беларусь” Анастасія Бойка, у 2023-м і 2022-м — беларускія журналісты, экс-палітвязні Ягор Марціновіч і Алег Груздзіловіч адпаведна.
“Колькі часу я быў за калючым дротам. І ўсё ж я адчуваў салідарнасць і падтрымку нашых калег. Калег з Беларусі, з Еўропы — у першую чаргу з Літвы. Вестачкі пра тое, што пра наш лёс ведаюць там, да нас даходзілі, можаце ў гэта паверыць, — сказаў Манцэвіч. — Я дзякую пану Старкявічусу і яго сям’і, журналісцкай супольнасці Літвы, палітыкам Літвы за тое, што яны праяўляюць у цяжкія для нас часы такія знакі салідарнасці — і сімвалічныя, і практычныя”.
Паводле слоў журналіста, за кратамі не было лёгка, але перад ім “былі прыклады стойкасці, якія дапамагалі гэтыя часы перажыць”. “Для мяне асабіста прыкладам стойкасці былі і застаюцца [былы галоўны рэдактар ліквідаванага ўладамі парталу tut.by] Марына Золатава, [журналіст і актывіст неафіцыйнага Саюза палякаў] Анджэй Пачобут ды іншыя журналісты, якія ці яшчэ знаходзяцца там, ці, як Марына, якая днямі выйшла адтуль”, — адзначыў ён.
Сёння Манцэвіч, які прабыў у няволі 2,5 года і быў вызвалены і высланы з Беларусі сёлета ў верасні, “дыхае свабодным паветрам” у Літве.
“Але сапраўдная свабода для мяне, для маіх калег надыдзе, калі мы будзем дома, — канстатаваў ён. — Бо толькі дома можна адчуць сапраўдны подых, сапраўдную атмасферу свабоды”.
“Упэўнены, што гэтая адзнака працы нашай журналісцкай супольнасці ёсць цэментам, які мацуе Літву і Беларусь, літоўскіх журналістаў і беларускіх журналістаў. У нас адзіная мэта, мы яе дасягнем — мы будзем жыць у свабоднай Еўропе”, — падсумаваў Манцэвіч.
Аляксандр Манцэвіч узнагароджаны літоўскай журналісцкай прэміяй "Надзея свабоды"


- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПрадстаўнік "Бюро Медыя": Дзейнасць незалежных СМІ Беларусі адпавядае мэтам "Еўрапейскага шчыта дэмакратыі"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаЛітоўскі дэпутат Павілёніс: Трэба даводзіць да ЗША, што здзелкі з беларускім рэжымам — глупстваМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваХроніка палітычных рэпрэсій за 16–17 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаКіраўнік БАЖ: Незалежная беларуская журналістыка — фактар рэгіянальнай бяспекіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- ГрамадстваАнонсы падзей на 18 снежня 2025 года — 1 лютага 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка

