Ад пачатку 2025 года ў Брэсцкай вобласці 89 дзяцей прызнаныя асобамі ў сацыяльна небяспечным становішчы

17 снежня, Позірк. Ад пачатку 2025 года ў Брэсцкай вобласці 89 дзяцей з 37 сем’яў прызнаныя асобамі ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС), паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры са спасылкай на абласную пракуратуру.
Яшчэ 13 дзяцей прызнаныя асобамі, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, — іх адабралі ў бацькоў і змясцілі на дзяржзабеспячэнне.
Прыводзіцца прыклад сям’і з Кобрынскага раёна, дзе бацька адзін выхоўвае дваіх дзяцей, а маці пазбаўленая бацькоўскіх правоў.
Згодна з матэрыяламі адной з адміністрацыйных спраў, бацька папрасіў непаўналетняга сына адвезці яго на працу на незарэгістраваным матацыкле. Вяртаючыся дадому, дзіця не дала рады кіраванню — упала і траўмавалася.
У кватэры, дзе бацька пражывае з дзецьмі, утварылася запазычанасць па электраэнергіі, аплата камунальных паслуг праводзіцца нерэгулярна.
На патрабаванне раённай пракуратуры было праведзена “сацыяльнае расследаванне”, па выніках якога было высветлена, што існуюць “крытэрыі і паказчыкі” СНС — з сям’ёй “арганізаваная праца”.
Яшчэ адзін прыклад — у Маларыцкім раёне пракуроры канстатавалі пагаршэнне сітуацыі ў сям’і, з якой ужо “праводзілася праца з прычыны раней выяўленых крытэрыяў і паказчыкаў СНС”.
Маці, як сцвярджаецца, самаўхілілася ад выхавання і ўтрымання дачкі 2020 года нараджэння, не працуе з чэрвеня 2023-га. План мерапрыемстваў па “выпраўленні прычын і ўмоў, якія пацягнулі неспрыяльную абстаноўку для дзяцей”, жанчына не выконвала.
На патрабаванне пракуратуры раёна дзяўчынка прызнаная асобай, якая мае патрэбу ў дзяржабароне. Яе адабралі ў маці і змясцілі на дзяржаўнае забеспячэнне.
На травень 2025 года ў Беларусі было 19 тыс. дзяцей з 9 тыс. сем’яў, што прызнаныя ў СНС, паведаміла на прэс-канферэнцыі напрыканцы таго месяца галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай працы Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч.
У параўнанні з 1 ліпеня 2024 года колькасць дзяцей у такім становішчы зменшылася на 17,39%, сем’яў — на 18% (было 23 тыс. і 11 тыс. адпаведна).
Спецыяліст адзначыла, што каля 70% дзяцей штогод здымаюць з уліку ў сувязі з “нармалізацыяй сітуацыі ў сям’і”, а за першы квартал 2025 года гэты паказчык склаў 84%.
Дзяржорганы часам праяўляюць бяздзейнасць у выпадках, калі дзеці зазнаюць рэальную небяспеку, аднак актывізавалі працу па выяўленні дзяцей, што знаходзяцца ў СНС, пасля трагедыі ў Оршы (Віцебская вобласць). Увечары 14 лютага 2024 года ў кватэры аднаго з дамоў былі знойдзеныя целы чатырох дзяцей з прыкметамі задушэння. Следчы камітэт паведаміў, што да здарэння можа мець дачыненне 36-гадовая маці дзяцей, яе затрымалі. Была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 2 ст. 139 (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства).
16 лютага таго ж года жанчына памерла ў бальніцы. Падрабязнасці невядомыя.
У сям’і выхоўвалася шасцёра дзяцей, усе яны былі прызнаныя асобамі, якія знаходзяцца ў СНС. Пракуратура паведаміла, што дасць прынцыповую прававую ацэнку ўсім адказным службам у частцы абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей у гэтай сям’і.
Сістэма дзяржаўнай абароны і кантролю за дзецьмі ў Беларусі ўспрымаецца грамадскасцю неадназначна. У сувязі з забойствам бацькамі свайго трохгадовага дзіцяці ў Слуцку (Мінская вобласць) у кастрычніку 2023 года была распачата крымінальная справа супраць службовых асоб, у абавязкі якіх уваходзіла прафілактыка сямейнага няшчасця. Бацьку дзіцяці Аляксандру Таратуту вынеслі смяротны вырак, маці Анастасія Таратута прыгавораная да 25 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.
Бацькі сістэматычна катавалі дзіця, але сям’я не была прызнанай той, што знаходзіцца ў СНС.
У снежні 2023 года былі змененыя падыходы да прызнання дзяцей, якія знаходзяцца ў СНС. У прыватнасці, гэта закранула дзяцей у сем’ях, дзе абодва бацькі афіцыйна не працаўладкаваныя.
У СНС маюць права ўключыць на падставе палітычнага пераследу: калі нехта з бацькоў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за “прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі” (арт. 19.10 КаАП); “распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць” (арт. 19.11); “незаконны выраб і (або) распаўсюд методык або іншых матэрыялаў пра спосабы вырабу выбухных прыстасаванняў і выбуховых рэчываў” (арт. 19.12).
Бацькі непаўналетніх у Беларусі “жывуць у пастаянным напружанні, баяцца, што іх дзіця будзе прызнаным асобай, што знаходзіцца ў СНС ў выніку даносаў”, сказала ў інтэрв’ю “Позірку” былая завуч гімназіі ў Ляхавічах (Брэсцкая вобласць) Таццяна Крапіневіч. Яе эвакуявалі з краіны ў снежні 2024 года пасля даносу праўладнай і прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай.
Крапіневіч таксама адзначыла, што статус СНС, першапачаткова прызначаны для абароны дзяцей, усё часцей выкарыстоўваецца як інструмент ціску на сям’ю. На разгляд адпаведнай камісіі “могуць трапіць бацькі з бездакорнай рэпутацыяй”, паведаміла педагог.
“Сістэма працуе паводле прынцыпу: калі маецца заява — усё адно, на якой падставе яна пададзеная — справа аўтаматычна заводзіцца. Нават старыя або ілжывыя абвінавачанні могуць стаць прычынай пастаноўкі сям’і на ўлік. Крытэрыі СНС таксама абсурдныя: сямейная сварка, выклік міліцыі суседзямі або нават пратэрмінаваныя камунальныя плацяжы”, — сказала Крапіневіч.
Хоць дзеці адбіраюцца з сем’яў толькі ў крайніх выпадках, па факце ўнясення ў СНС праводзяцца праверкі, усталёўваецца “дакучлівы кантроль, інспектары бесцырымонна правяраюць халадзільнікі, кантралююць побыт, праводзяць раптоўныя рэйды”, дадала яна.
На яе думку, сістэма СНС ў Беларусі не толькі не выконвае сваю ахоўную функцыю — яна становіцца спосабам кантролю і ціску на непажаданых.
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаПадпіска на агульнарэспубліканскія прапагандысцкія СМІ падаражэла за паўгоддзе на 5–23%, за год — на 10–39% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка



