Мінск 12:36

Далейшая вайна Расіі і Украіны перарасце ў глабальны канфлікт, лічыць Лукашэнка

Архіўны відэазапіс з неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі / стоп-кадр: "Позірк"

17 снежня, Позірк. І прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, і расійскі лідар Уладзімір Пуцін хочуць міру, “але іх погляды на тое, чым павінна скончыцца вайна, розныя”, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю амерыканскай кампаніі “Ньюсмакс ТБ”.

Гутарка, відэафрагменты якой апублікавала прэс-служба Лукашэнкі, адбылася 13 снежня ў Мінску — у другі дзень перагавораў беларускага палітыка са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Інтэрв’ю для для сваёй аўтарскай праграмы брала Грэта Конвей Ван Састэрэн — жонка Коўла.

“Калі Украіна лічыць, што яна можа перамагчы Расію і гатовая весці вайну, ну няхай ваюе, — заявіў Лукашэнка, не згадаўшы, што менавіта РФ распачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года — у тым ліку з беларускай тэрыторыі. — Але, з майго пункту гледжання, думаю, [прэзідэнт ЗША Дональд] Трамп прытрымліваецца такой пазіцыі, калі далей так ваяваць, то Украіна ўвогуле знікне з мапы. Наогул перастане існаваць”.

“Але што самае небяспечнае, што калі гэты канфлікт будзе працягвацца, і будзе працягвацца гэтая эскалацыя, то гэта ўвогуле можа цяжка скончыцца для Еўропы і для свету. Гэта абавязкова перарасце ў які-небудзь глабальны канфлікт. Таму яго трэба патушыць пакуль магчыма цяпер. Цяпер, як ніколі, маецца такая магчымасць, калі амерыканцы сур’ёзна падключыліся да гэтага пытання”, — дадаў ён.

Незразумела, да якога боку звяртаючыся, палітык заявіў, што ў першую чаргу трэба спыніць агонь: “А калі няма стральбы, калі не гінуць людзі, пра што Трамп увесь час кажа, тады трэба размаўляць і месяц, і два, і гады”.

“Ну і яшчэ раз падкрэсліваю, зрабіць так, каб ніхто не быў насцярожаны, што вось мы спынілі канфлікт у той перыяд, калі Расія перамагае (спікер нічым не падмацаваў сваю тэзу пра тое, што “Расія перамагае”. — “Позірк”.). <…> Каб у Расіі не было насцярожанасці ў гэтым плане, трэба зрабіць усё, каб Украіна і яе войска не пераўзбройвалася ў гэты час, каб амерыканцы не пастаўлялі туды зброю разам з еўрапейцамі. Замарозіць гэты канфлікт ад пачатку да канца. Людзі не гінуць, тады сядзіце і дамаўляйцеся пра што заўгодна — і тэрытарыяльна, і яшчэ неяк, і гэтак далей. Галоўнае спыніць гібель людзей”, — заявіў ён.

Цяпер, на думку Лукашэнкі, вельмі шмат залежыць ад пазіцыі ЗША і Трампа, таму важна, каб той не адступіў: “Ён чалавек з характарам, часам імпульсіўны. [Важна,] каб ён не плюнуў на гэта ўсё, рукой не махнуў і не сышоў убок. Калі ён будзе настойліва рухацца ў гэтым плане, значыць вынік будзе”.

Лукашэнка ў чарговы раз паўтарыў тэзу расійскай прапаганды пра тое, што прычынай вайны ва Украіне стала “прыгнёт рускамоўнага насельніцтва”.

“У вас побач Мексіка дакладна гэтак, як у Расіі побач Украіна. Так? Так. Буйная краіна Злучаныя Штаты Амерыкі. Магутная краіна, дакладна гэтак, як Расія. З вялікімі магчымасцямі. Калі б у Мексіцы пачалі прымушаць амерыканцаў, якія там асабліва пры мяжы жывуць, па-амерыканску настроеных людзей, размаўляць, ну, скажам, на іспанскай мове, ці на іспанскай мове, а не на англійскай. Іх дзяцей прыціскаць у школе, каб яны размаўлялі толькі на іспанскай мове і гэтак далей. А не дай бог бы ў хаце дзе-небудзь спалілі амерыканцаў у Мексіцы. Вы як бы зрабілі? Вы Мексіку… вы б зрабілі ўсё, каб сцерці з зямлі. Не дай бог, вядома, я проста прыклад гэты праводжу”, — заявіў палітык.

Украіне варта было б выбудоўваць моўную палітыку “спакойна і крок за крокам, на працягу многіх гадоў”, а не “проста “заткнуць рот” рускамоўнаму насельніцтву”, заявіў Лукашэнка, увесь час праўлення якога ў Беларусі праводзіцца палітыка русіфікацыі. “Ну і потым, кажу вам як стары палітык, калі ты жывеш побач з гэтым мядзведзем, што спіць, ну не будзі яго. Знайдзі нармальнае стаўленне, каб суіснаваць”, — сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка ў чарговы раз папракнуў Украіну ў тым, што яна не ваявала за Крым, анексаваны Расіяй у 2014 годзе. “У Крыме не было ніводнага стрэлу з боку ўкраінцаў, — заявіў палітык. — Ну, а расіянам навошта было страляць, калі яны занялі і вызвалілі, як яны кажуць, Крым? Страляць не трэба было, таму што за Крым ніхто не ваяваў. За Крым ніхто не змагаўся, гэта было на маіх вачах. Аніводнага стрэлу з боку Украіны. Можна казаць анексавалі, можна вызваліць, можна захапіць. Гэта філасофскае пытанне, не ў гэтым справа. Але калі гэта твая зямля, ты чаму не бараніў гэтую зямлю? Украінцы яе аддалі. Яны яе проста аддалі расіянам”.

24 лютага 2022 года Расія здзейсніла ўзброенае ўварванне на тэрыторыю Украіны, распачаўшы найбуйнейшы ў Еўропе ваенны канфлікт з часоў Другой сусветнай вайны. Напад ажыццяўляўся ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

У першыя тыдні вайны з беларускіх палігонаў расіяне таксама ажыццяўлялі ракетныя абстрэлы ўкраінскіх населеных пунктаў, што прывяло да гібелі мірных жыхароў. Акрамя таго, армія РФ на працягу доўгага часу выкарыстоўвала для ваенных мэтаў розныя інфраструктурныя аб’екты Беларусі.

Удараў у адказ па беларускай тэрыторыі Украіна не наносіла. Невядома ні пра адну дыверсійную аперацыю ўкраінскіх сіл адносна непасрэдна Беларусі, не паведамлялася таксама пра тэракты, ад якіх пацярпелі б людзі, жылыя ці вытворчыя будынкі.

Улады ў Мінску падтрымліваюць ваенную агрэсію РФ. Лукашэнка неаднаразова называў вінаватымі ў вайне Украіну і краіны Захаду.

Падзяліцца: