Мінск 20:40

Зімбабвэ плануе накіраваць у Мінск вайсковага аташэ

15 снежня, Позірк. Зімбабвэ “адкрыта для новых праектаў з Беларуссю, у тым ліку і ў абароннай сферы”, заявіў міністр абароны гэтай афрыканскай дзяржавы Оппа Мучынгуры-Кашыры па выніках сустрэчы 15 снежня ў Харарэ з беларускім калегам Віктарам Хрэнінам.

“Рэспубліка Зімбабвэ мае намер накіраваць вайсковага аташэ ў Беларусь. Гэта дазволіць нам аператыўна арганізоўваць мерапрыемствы, вызначаныя ў рамках падпісанага пагаднення”, — цытуе Мучынгуры-Кашыры прэс-служба беларускага абароннага ведамства.

У сваю чаргу Хрэнін на перамовах адзначыў, што актывізацыя вайсковага і вайскова-тэхнічнага двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Зімбабвэ з’яўляецца “асноўнай мэтай” візіту беларускай дэлегацыі ў гэтую афрыканскую краіну.

“У сучасных умовах мы павінны быць гатовыя адказаць на любыя выклікі, якія нясуць пагрозу бяспецы нашых краін. І ў вайсковым плане Беларусі ёсць што прапанаваць Зімбабвэ”, — сказаў кіраўнік Мінабароны.

Паводле яго слоў, Беларусь у Еўропе, як і Зімбабвэ ў Афрыцы, з’яўляецца “рэдкім астраўком стабільнасці ў моры канфліктаў і супярэчнасцяў, тэрарызму і трансгранічнай злачыннасці”.

Міністр сцвярджае, што Узброеныя сілы Беларусі працягваюць пастаянна развівацца і ўдасканальвацца: “У нас багаты досвед, якім мы гатовыя дзяліцца з зімбабвійскімі калегамі”.

Асновай двухбаковага ўзаемадзеяння, на яго думку, можа стаць супрацоўніцтва ў галіне вайсковай адукацыі.

“Мы дасягнулі разумення аб прыярытэтнасці супрацоўніцтва ў галіне вайсковай адукацыі і падрыхтоўкі асабістага складу, абмену досведам па напрамках узаемнай цікавасці. Галоўнае, што ў нас няма закрытых тэм для абмеркавання. Будзьце ўпэўненыя, што любыя ініцыятывы або пажаданні, выказаныя зімбабвійскім бокам, будуць належным чынам і без прамаруджання разгледжаныя”, — рэзюмаваў Хрэнін.

Гатоўнасць паглыбляць “дружалюбныя адносіны” з Зімбабвэ выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 15 верасня прэзідэнта гэтай афрыканскай дзяржавы Эмерсана Мнангагву з 83-годдзем.

“Пацвярджаю гатоўнасць Мінска, праверанага партнёра Харарэ, да рэалізацыі ўсёабдымнай дарожнай карты супрацоўніцтва на 2026–2030 гады і новых узаемавыгадных праектаў у розных сферах”, — адзначыў віншавальнік.

Беларускія ўлады актывізавалі кантакты з Зімбабвэ ў 2023 годзе, аднак актуальных звестак па двухбаковым тавараабароце няма. Па выніках 2022 года аб’ём узаемнага гандлю склаў каля 40 млн долараў, 2021-га — 25 млн, 2020-га — 33,6 млн.

Лукашэнка наведваў Зімбабвэ з 30 студзеня да 1 лютага 2023 года. У красавіку таго ж года са шматдзённым візітам у Мінск прыязджала жонка прэзідэнта Зімбабвэ Аксілія Мнангагва.

У ліпені 2024 года яна зноў была ў Беларусі з візітам, на сустрэчы з ёй Лукашэнка заявіў, што чакае візіту ў Мінск прэзідэнта.

Па выніках перамоў 14 траўня 2025 года ў Мінску Лукашэнка і прэзідэнт Зімбабвэ Мнангагва падпісалі дарожную карту стратэгічнага двухбаковага супрацоўніцтва і партнёрства на 2026–2030 гады. Афрыканскі палітык прыбыў у Мінск пасля ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды Дня перамогі ў Маскве.

Падзяліцца: