Мінск 20:39

Зяленскі пагаварыў па відэасувязі з Бабарыкам, Калеснікавай, Знакам, Фядутам, Золатавай і Лабковічам

Фота: тэлеграм-канал Уладзіміра Зяленскага

15 снежня, Позірк. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра размову праз відэасувязь з вызваленымі беларускімі палітвязнямі.

Размова адбылася раніцай 15 снежня.

“Вельмі цаню добрыя словы пра Украіну і ўкраінцаў і выразную, прынцыповую пазіцыю з нагоды расійскай агрэсіі. Гэта важна. Украіна і ў далейшым будзе дапамагаць усім, хто дапамагае нам абараняць незалежнасць і жыццё людзей”, — падкрэсліў Зяленскі.

Як відаць на апублікаваным украінскім прэзідэнтам фота, у размове ўдзельнічалі Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Максім Знак, Уладзімір Лабковіч, Марына Золатава і Аляксандр Фядута.

Прэс-служба Бабарыкі таксама паведаміла пра яго і Калеснікавай размове з прэм’ер-міністрам Літвы Інгай Ругінене.

Адзначаецца, што “Віктар і Марыя падзякавалі прэм’еру за падтрымку, а таксама адзначылі, што абавязкова прыедуць з візітам, як толькі з’явіцца такая магчымасць”.

Паведамляецца, што Бабарыка і Калеснікава “пазначылі, што важна даць шанец дыпламатычным намаганням ЗША, у тым ліку ў пытаннях вызвалення палітычных зняволеных і зніжэння напружанасці паміж краінамі, з тым каб пазбегнуць новых рызык для бяспекі”. “Паводле іх слоў, вельмі важна, каб Еўрапейскі саюз і Літва падключыліся да намаганняў ЗША і не ўпусцілі акно магчымасцяў, якое адкрылася”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што “цяпер Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава знаходзяцца на тэрыторыі Украіны і бачаць, што там адбываецца”. Яны падкрэслілі важнасць таго, каб Літва і ЕС “не адвярнуліся ад Украіны ў гэты крытычны момант”.

Таксама падкрэсліваецца, што “Віктар і Марыя лічаць неабходным максімальна захоўваць сувязі паміж беларусамі і літоўцамі, пашыраць магчымасці для іх мабільнасці і палегчыць перасячэнне межаў нашых краін”.

13 снежня пасля перамоваў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі былі вызваленыя і вывезеныя з краіны 123 палітвязні. Большасць з іх цяпер знаходзіцца ва Украіне.

ЗША заявілі аб зняцці санкцый з беларускіх калійных угнаенняў.

9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якая ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

Коўл па вяртанні ў Вільнюс з Мінска заявіў, што апошні паабяцаў яму садзейнічаць у спыненні палётаў метэазондаў з Беларусі ў Літву.

Апошні раз аэрапорт Вільнюса прыпыняў працу ў сувязі з метэазондамі з Беларусі 6 снежня.

Падзяліцца: