Мінск 15:48

Германія прыме Калеснікаву і Бабарыку — кіраўнік МУС

Ілюстрацыя: pixabay.com

15 снежня, Позірк. Германія прыме вызваленых беларускіх палітвязняў Марыю Калеснікаву і Віктара Бабарыку, заявіў у эфіры нямецкага тэлеканала ARD 14 снежня міністр унутраных спраў ФРГ Александэр Добрындт.

Пытанне аб Калеснікавай і Бабарыкі ўзнікла ў кантэксце перамоў паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам (зяць Трампа), якія адбываліся ў той дзень у Берліне:

На гэтым тыдні мы ўбачылі, як пры пасярэдніцтве ЗША ў Беларусі — а гэта блізкі хаўруснік Расіі — было вызвалена каля 120 палітвязняў. Як вы ацэньваеце гэтае вызваленне, і ці ўдзельнічаў у гэтым нейкім чынам федэральны ўрад?

— І тут відавочная важнасць таго, каб пры ўсіх наяўных рознагалоссях і цяжкасцях мы з амерыканцамі знаходзілі агульную мову. І тут быў сур’ёзны ўплыў амерыканцаў, які зрабіў магчымым выхад на свабоду 123 апазіцыянераў, зняволеных у турмы. Яны былі вымушаныя пакінуць краіну, выехаўшы ў суседнія краіны. І мы заяўляем пра гатоўнасць прыняць цяпер як мінімум двух выбітных асоб дэмакратычнага руху Беларусі. Бо мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб дэмакратычны рух узмацніўся, нават калі ён вымушаны развівацца за межамі Беларусі. Таму мы прымаем двух палітыкаў, апазіцыйных палітыкаў, якія знаходзіліся ў турме.

Гэта азначае, што хутка яны прыедуць у Германію. Ці можаце вы коратка сказаць, пра каго ідзе гаворка?

— Пра спадарыню Калеснікаву і спадара Бабарыку, двух выбітных асобаў дэмакратычнага руху, якія ў мінулым адыгралі вялікую ролю, знаходзіліся ў турме і цяпер вызваленыя. Таму і ідзе гаворка пра іх прыём, бо мы зацікаўленыя ў тым, каб дэмакратычны рух у Беларусі працягваў падтрымлівацца і з-за мяжы. Таму мы прымаем абодвух.

***

13 снежня кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ФРГ Ёхан Вадэфуль заявіў, што яму “прынесла вялікую палёгку вызваленне Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі, Алеся Бяляцкага, Максіма Знака і больш за 100 іншых зняволеных у Беларусі“.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта на выбарах 2020 года Віктар Бабарыка і кіраўнік яго выбарчага штаба Марыя Калеснікава былі вызваленыя Аляксандрам Лукашэнкам 13 снежня і вывезеныя ва Украіну.

Калеснікава з 2007 года да 2020-га пражывала ў ФРГ.

Падзяліцца: