Мінск 22:53

Зяленскі: Мінск не хацеў перадаваць палітвязняў праз ЕС, але быў гатовы праз Украіну

Уладзімір Зяленскі
Архіўнае фота: тэлеграм-канал Уладзіміра Зяленскага

14 снежня, Позірк. Беларускія ўлады не хацелі перадаваць палітвязняў праз Еўрасаюз, але былі гатовыя зрабіць гэта праз Украіну. Пра гэта заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі днём 14 снежня перад адлётам у Берлін на сустрэчу з прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб умовах мірнага пагаднення з Расіяй.

“Былі кантакты на ўзроўні выведак. Кірыл Буданаў (кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны. — Позірк.) звярнуўся да мяне, сказаў, што беларусы гатовыя аддаць палітвязняў і не хочуць аддаваць праз тую ці іншую краіну ЕС, але гатовыя перадаць праз Украіну“, — паведаміў Зяленскі.

“І я сказаў, безумоўна, гатовыя прымаць. Таму што трэба прымаць і сваіх, і беларускіх палітвязняў”, — заявіў прэзідэнт.

13 снежня ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Аляксандр Лукашэнка памілаваў 123 чалавекі з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і 5 украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі. У Літву, куды вывозілі папярэднія дзве групы палітвязняў, адправілі толькі Алеся Бяляцкага — лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Ведамства Кірыла Буданава займалася прыёмам і размяшчэннем вызваленых, цяпер каардынуе пытанні надання ім дапамогі.

Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным вячэрнім відэазвароце да суграмадзян паведаміў, што размаўляў з адной з былых зняволеных Марыяй Калеснікавай.

14 снежня ў Чарнігаве ўкраінскі бок арганізуе прэс-канферэнцыю з удзелам Віктара Бабарыкі (прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе), Марыі Калеснікавай (сябра каманды Бабарыкі), Аляксандра Фядуты (палітолаг, літаратар) і Уладзіміра Лабковіча (ПЦ “Вясна“).

Падзяліцца: