Лукашэнка вызваліў 123 палітзняволеных, 114 вывезена ва Украіну (анлайн)
13 снежня, Позірк. “У рамках дасягнутых дамоўленасцяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і на ягоную просьбу, у сувязі з скасаваннем незаконных санкцый супраць калійнай галіны Рэспублікі Беларусь, уведзеных адміністрацыяй папярэдняга прэзідэнта ЗША Байдэна, і ў сувязі з пераходам у практычную плоскасць працэсу скасавання іншых незаконных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь кіраўніком дзяржавы прынятая пастанова аб памілаванні 123 грамадзян розных краін, асуджаных паводле законаў Рэспублікі Беларусь за ўчыненне злачынстваў рознай накіраванасці — шпіёнскую, тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасць“. Пра гэта паведаміла 13 снежня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі пасля яго перамоваў са спецпрадстаўніком Трампа па Беларусі Джонам Коўлам.
Чакаецца, што вызваленыя традыцыйна будуць вывезеныя (магчыма, ужо вывезеныя) за межы Беларусі.
“Позірк” адсочвае сітуацыю:
19:33 Алесь Бяляцкі паведаміў журналістам, што не пісаў прашэнне аб памілаванні. Сёння ў 4 гадзіны раніцы яго абудзілі і загадалі збіраць рэчы. З Беларусі Бяляцкага вывезлі з завязанымі вачыма. Свой пашпарт кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” атрымаў у амерыканскай амбасадзе ў Вільнюсе.
19:29 Паводле слоў Святланы Ціханоўскай, поўны спіс вызваленых не публікуецца, бо некаторыя не хочуць публічнасці.
19:26 Святлана Ціханоўская паведаміла журналістам, што вывезеныя ва Украіну палітвязні будуць размешчаныя ў санаторыі. Пытанні далейшага размяшчэння пачнуць абмяркоўваць заўтра, 14 снежня, з улікам пажаданняў вызваленых. Месцы размяшчэння ў Літве і Польшчы гатовыя, сказала дэмлідар.
19:24 Генеральны сакратар Савета Еўропы Ален Берсэ вітаў вызваленне Алеся Бяляцкага і Марыі Калеснікавай: “Абодва яны былі актыўнымі абаронцамі правоў чалавека і дэмакратыі ў сваёй краіне. Савет Еўропы працягне супрацоўнічаць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі”.
19:22 Каментар прэзідэнта Еўрапейскага парламента Раберты Метсола: “Вітаю вызваленне шэрагу палітычных зняволеных у Беларусі, у тым ліку лаўрэатаў прэміі Сахарава Марыі Калеснікавай і Алеся Бяляцкага, таксама лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру. Яны так шмат перажылі. Жадаю ім моцы, каб яны змаглі ўз’яднацца са сваімі сем’ямі і любімымі. Еўрапарламент працягне дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі, уключаючы журналіста Анджэя Пачобута, якога мы будзем ушаноўваць прэміяй Сахарава ў Страсбургу ў гэты аўторак. Звяртаюся да тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі: мы на вас не забудземся“.
19:21 Прэзідэнт ПАСЕ Тэадорас Русопулас вітаў вызваленне палітвязняў, згадаўшы імёны Марыі Калеснікавай і Алеся Бяляцкага. “Гэта сапраўды цудоўная навіна ў канцы года, поўнага выпрабаванняў і праблем!” — напісаў Русопулас.
19:20 Грамадзяне за некалькі гадзін сабралі ўсю суму для вызваленых палітвязняў — 123 тыс. еўра (па 1 тыс. на кожнага).
19:04 Галоўны рэдактар разгромленага беларускімі ўладамі партала tut.by Марына Золатава заявіла ўкраінскаму праекту“ хачу жыць“, што ўдзячная за намаганні па яе датэрміновым вызваленні, што адбыла 4,5 года замест 12: “Кожны дзень у няволі — гэта вельмі цяжка”. Золатавай, паводле яе, “вельмі, вельмі сумна” ад таго, што ў няволі яшчэ шмат людзей, у тым ліку пажылых, якія пакутуюць на розныя захворванні.
19:00 Праваабарончы цэнтр “Вясна” пакуль не пацвярджае вызваленне намесніка старшыні арганізацыі Валянціна Стэфановіча.
18:51 Cярод вызваленых Аляксандр Фядута.
18:50 Яшчэ з заяваў Святланы Ціханоўскай каля амбасады ЗША ў Вільнюсе: “Мы бачым, што Лукашэнка ў апошні момант усё перайграў, каб даць зразумець, што ён усё кантралюе. І тут, у Літве, [вызваленых] чакалі, і наша інфраструктура была падрыхтаваная. Цяпер усе разумеюць, што лагістыку трэба перарабляць і з польскім бокам, і з украінцамі, і з амерыканцамі, вядома, якія гэта ўсё каардынуюць. Ну, гэта такія дадатковыя цяжкасці. <…> Сюды прыедуць 7 замежнікаў і Алесь Бяляцкі”.
18:40 Для вызваленых сабрана 100 тыс. еўра.
18:39 Анджэй Пачобут не быў уключаны ў спіс вызваленых.
18:30 Святлана Ціханоўская пракаментавала журналістам, якія сабраліся ля амбасады ЗША ў Вільнюсе, вызваленне групы палітвязняў: “Для Лукашэнкі важна працягваць камунікацыю з прэзідэнтам Трампам. <…> Мы разумеем, як цяжка камунікаваць з рэжымам. Ён хоча ўсё, мала што аддаючы ўзамен. Кожны чалавек уяўляе для нас каштоўнасць. Мы рады бачыць на свабодзе і Машу [Калеснікаву], і Віктара Дзмітрыевіча [Бабарыку], і Максіма [Знака]. Гэта незабыўныя пачуцці. Заўсёды памятаем пра астатніх. І гэта, вядома, не канец перамоўнага працэсу. <…> Зараз прыедзе амерыканская дэлегацыя, атрымаем спіс [вызваленых] і перададзім яго на экстраную лінію, каб можна было атрымаць інфармацыю. На жаль, Анджэя Пачобута няма ў спісе. Мы яго вельмі чакалі. Думаю, што польскі бок расчараваны такім ходам падзей. Мы ведаем, як працуе Лукашэнка. Ён пакідае людзей [за кратамі], каб ціснуць на нашых суседзяў. <…> Калі б Статкевіч быў [у спісе], мы б ужо ведалі пра гэта”.
18:22 Для вызваленых сабрана 87 тыс. са 123 тыс. еўра.
18:04 Сын Віктара Бабарыкі Эдуард не ўключаны ў спіс вызваленых.
18:03 Алесь Бяляцкі вывезены ў Літву.
17:59 Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі паведаміў журналістам, якія сабраліся ля амбасады ЗША ў Вільнюсе, што ўсе вызваленыя знаходзяцца ў бяспецы. “Мы цяпер абмяркоўваем пэўныя лагістычныя моманты і дамо больш падрабязную інфармацыю пазней“, — сказаў Кучынскі.
17:55 Украінскі праект для расійскіх вайскоўцаў “Хачу жыць!“ (адзіны цэнтр прыёму зваротаў па здачы ў палон) называе некаторыя прозвішчы вызваленых: Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Марына Санкевіч, Павел Севярынец, Марына Золатава, Сафія Бачурынская, Уладзіслаў Яцэнка, Сяргей Іванцоў, Наталля Малец.
17:45 З паведамлення ГУВ МА Украіны: “Як следства папярэдніх дамоўленасцяў і выніковых перамоваў з беларускім бокам, на запыт і пры садзейнічанні амерыканскіх партнёраў і працы Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Украіне перададзена 114 грамадзянскіх асоб, сярод іх — украінцы, якія ўтрымліваліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь“.
17:40 Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны паведаміла аб перадачы Беларуссю 114 грамадзянскіх асоб.мяркуючы па відэакадрах, яны знаходзяцца ва ўкраінскім пункце пропуску Новыя Ярылавічы (з беларускага боку Новая Гута). Праз гэты пункт Расія і Украіна звычайна праводзяць абмен ваеннапалоннымі і ўзятымі ў палон грамадзянскімі асобамі.
17:35 Пацвярджаецца вызваленне Віктара Бабарыкі і Максіма Знака.
17.15 Праваабарончы цэнтр “Вясна“ паведаміў пра пачатак працы гарачай лініі “па пытаннях вызваленых палітвязняў”.
17:12 Усе вызваленыя ўжо вывезеныя з Беларусі, паведаміў журналістам дарадца Святланы Ціханоўскай у дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі.
17:08 У амбасадзе ЗША ў Вільнюсе чакаюць амерыканскую дэлегацыю, якая вяла перамовы ў Менску.
17:07 Да амбасады ЗША ў Вільнюсе прыйшла сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч. Яна заявіла журналістам, што лічыць зняцце санкцый справядлівым коштам: “Нішто не вартае жыцця людзей у турме“.
17:03 Вызваленне групы палітвязняў пракаментаваў аналітык, аўтар “Позірку“ Аляксандр Фрыдман: “За скасаванне амерыканскіх санкцый супраць калійнай індустрыі Лукашэнка пагадзіўся адпусціць 123 палітвязні, сярод якіх Марыя Калеснікава і Алесь Бяляцкі — мабыць, самыя вядомыя вязні Беларусі ў свеце. І гэта цудоўная навіна. Канфігурацыя ўгоды, як і перспектывы для калійнай галіны, пакуль канчаткова невядомыя, але відавочна, што Лукашэнку ўдалося навязаць амерыканцам свае правілы — шэраг асобных дамоўленасцяў замест адной вялікай угоды. Далейшыя кантакты з Трампам для яго, аднак, настолькі важныя, што ён скідае свае асноўныя козыры ўжо на гэтым прамежкавым этапе“.
17:01 Паводле звестак “Позірку“, найбліжэйшым часам вызваленых павінны даставіць у Вільнюс. Чуткі, што частку вызваленых вывезуць у Польшчу, пакуль не пацвярджаюцца.
17:00 Паведамляецца аб вызваленні Віктара Бабарыкі і Максіма Знака. Прадстаўнік каманды Бабарыкі Іван Краўцоў заявіў, што абодва ў спісе, але іх вызваленне не пацверджанае.
16:57 Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляе аб вызваленні сваіх кіраўнікоў Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча, а таксама Рамана Галузы (Беларусь/Польшча), Наканісі Масатосі (Японія), Іллі Князева (Беларусь), Наталлі Бельскай (Беларусь/ЗША), Вячаслава Папшо (Беларусь).
16:50 Фонд салідарнасці BySol паведаміў пра пачатак экстраннага збору ў падтрымку вызваленых палітвязняў: “Мэта — сабраць 123 тыс. еўра з разліку па 1 тыс. еўра для кожнага“.
16:42 Сярод вызваленых пяць грамадзян Украіны, вынікае з паведамлення прэзідэнта краіны Уладзіміра Зяленскага: “Кіраўнік ГУВ (галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны. — “Позірк”.) Кірыл Буданаў далажыў аб дэталях падрыхтоўкі спецыяльнага мерапрыемства для вызвалення грамадзянскіх асоб, якія знаходзіліся ў Беларусі. Дзякуючы актыўнай ролі Злучаных Штатаў і супрацоўніцтву нашых выведак цяпер вяртаюцца на свабоду больш за сотню людзей, у прыватнасці пяць украінцаў. Дапамагаем нашым амерыканскім партнёрам, каб была адпаведная дапамога Украіны. Пры неабходнасці задзейнічаюцца таксама спецыяльныя службы нашых суседзяў у Еўропе”.
16:34 Паведамляецца аб вызваленні лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.
16:32 Паведамляецца аб вызваленні Марыі Калеснікавай, з ёй паразмаўляла па тэлефоне сястра Таццяна Хоміч. Калеснікава ўжо вывезеная з Беларусі.
16:23 Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі абвясціла аб памілаванні ім 123 чалавек. Поўны тэкст паведамлення: “У рамках дасягнутых дамоўленасцяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і на яго просьбу, у сувязі з адменай незаконных санкцый супраць калійнай галіны Рэспублікі Беларусь, уведзеных адміністрацыяй папярэдняга прэзідэнта ЗША Байдэна, і ў сувязі з пераходам у практычную плоскасць працэсу адмены іншых незаконных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне аб памілаванні 123 грамадзян розных краін, асуджаных паводле законаў Рэспублікі Беларусь за здзяйсненне злачынстваў рознай накіраванасці — шпіёнскую, тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасць. Дадзены жэст таксама ажыццёўлены ў сувязі з просьбамі іншых кіраўнікоў дзяржаў і зыходзячы з гуманітарных прынцыпаў і агульначалавечых і сямейных каштоўнасцяў. Ён накіраваны на паскарэнне пазітыўнай дынамікі развіцця ўзаемаадносін з краінамі — партнёрамі Рэспублікі Беларусь і ў інтарэсах стабілізацыі сітуацыі ў еўрапейскім рэгіёне агулам. Усяго за апошні час з улікам рашэнняў, прынятых прэзідэнтам Беларусі ў канцы лістапада, агульная колькасць памілаваных асоб складае 156 чалавек. Сярод іх — грамадзяне Вялікабрытаніі, ЗША, Літвы, Украіны, Латвіі, Аўстраліі, Японіі“.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваДзякуючы затрымцы пахаладання мінулым днём на беларускіх метэастанцыях зафіксаваныя чарговыя рэкорды цяпла (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11–12 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- ГрамадстваЕС не мае выразнай стратэгіі развіцця стасункаў з Беларуссю — Шрайбман (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка



