Мінск 18:41

За тры тыдні ў Літве перахоплена 42 метэазонды з кантрабандай, затрымана 8 чалавек

12 снежня, Позірк. За тры тыдні ў Літве перахоплена 42 метэазонды з кантрабандай, затрымана 8 чалавек, паведамляе партал Delfi са спасылкай на генеральнага камісара паліцыі Арунаса Паўлаўскаса.

Чацвёра падазраваных затрыманыя на мінулым тыдні.

Адзначаецца, што з 24 лістапада супрацоўнікі праваахоўных органаў Літвы праводзяць рэйды ў памежных раёнах. За гэты час было праверана больш за 8,6 тыс. транспартных сродкаў і больш за 11 тыс. чалавек, супрацоўнікі паліцыі перахапілі метэазонды з 86 тыс. пачкаў цыгарэт.

Адной з апошніх паспяховых аперацый кіраўнік паліцыі краіны назваў затрыманне кантрабанднага грузу ў Таўрагскім раёне раніцай 12 снежня. Паліцыя затрымала мужчыну і выявіла ў яго аўтамабілі больш за 10 тыс. пачкаў нелегальна ўвезеных цыгарэт. Мяркуецца, што яны былі дастаўлены з Беларусі на метэазондах.

Паўлаўскас выказаў надзею, што прэзідэнт Літвы падпіша закон, які ўзмацняе адказнасць тых, хто перавозіць кантрабанду небяспечным спосабам.

9 снежня ўрад абвясціў у краіне экстрэмальную сітуацыю (ЭС) дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі“. Пастанова прынятая “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, створанай тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

Урад нагадаў, што з-за пагрозы, якую ствараюць для грамадзянскай авіяцыі паветраныя шары з кантрабандай, Вільнюскі аэрапорт з кастрычніка быў зачынены агулам больш за 60 гадзін. Праблема закранула больш за 350 рэйсаў і каля 51 тыс. пасажыраў.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падтрымала рашэнне Вільнюса, назваўшы яго вымушанай мерай у адказ на “апошнія правакацыі Лукашэнкі з выкарыстаннем кантрабандных паветраных шароў для парушэнні працы грамадзянскай авіяцыі“.

Апошні раз паветраная прастора над аэрапортам Вільнюса з-за метэазондаў з Беларусі закрывалася ўвечары 6 снежня.

2 снежня міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч у звароце на імя камісара ЕС па ўнутраных справах і пытаннях міграцыі Магнуса Брунэра паведаміў, што з пачатку 2025 года зафіксавана парушэнне паветранай прасторы Літвы 599 шарамі для транспарціроўкі кантрабанды і 197 дронамі.

Падзяліцца: