Амаль усе беларускія прадпрыемствы адчуваюць сур’ёзную нястачу кадраў — Круты

12 снежня, Позірк. Амаль усе беларускія прадпрыемствы адчуваюць сур’ёзную нястачу кадраў, заявіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты на пазачарговым XI з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 12 снежня.
“У нас рэкордна нізкае беспрацоўе і, па вялікім рахунку, сёння рынак работніка, а не працадаўцы. У банку вакансій прыблізна 170 тыс. пазіцый, работнікаў, якія патрабуюцца проста зараз”, — цытуе Крутога прафсаюзны партал 1prof.by.
Для вырашэння праблемы, сказаў ён, з’явілася “сістэма прыцягнення каштоўных работнікаў з-за мяжы”: “Прыблізна 35 тыс. чалавек, у якіх няма пастаяннага віду на жыхарства ў Беларусі, працуюць сёння на нашых прадпрыемствах. Гэта невялікая колькасць, яна не вырашае праблему недахопу работнікаў. Але тут вельмі важна захаваць баланс. Заробкавая гонка і барацьба нашых прадпрыемстваў унутры рэспублікі за спецыялістаў, у першую чаргу рабочых прафесій, павінна быць на пастаянным кантролі ўрада, і мы ні ў якія дысбалансы ў гэтым плане не павінны зваліцца”, — сказаў чыноўнік.
Ён заявіў, што захоўваецца задзел павышэння прадукцыйнасці працы і адпаведна заработнай платы, “якая дасягнула прыблізна 2,7–2,8 тыс. рублёў у сярэднім па рэспубліцы”.
Як паведамляў “Позірк”, для замежных грамадзян на партале Дзяржаўнай службы занятасці адкрыта 15.205 вакансій. Замежнікам прапануецца праца ў будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, медыцыне, ёсць менеджарскія пазіцыі, вакансіі спартсменаў у футбольных і хакейных клубах і інш.
У зацверджанай урадам дзяржаўнай праграме “Збалансаваны рынак працы” прадугледжана прыцягненне ў Беларусь да 2030 года не менш за 50 тыс. замежных работнікаў.
У дакуменце прыводзяцца даныя, згодна з якімі ў першай палове 2025 года ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам колькасць замежнікаў, што прыбылі ў Беларусь на працу, павялічылася з 12 тыс. да 21 тыс. (усяго ў 2024-м прыбыло 33,8 тыс. замежнікаў, у 2023-м — 13,4 тыс., у 2022-м — 11 тыс., у 2021-м — 13,7 тыс.).
Такім чынам, за 4,5 года ў Беларусь на працу прыбыло каля 93 тыс. замежнікаў.
2 снежня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны апублікавала пералік прафесій, якія будуць найбольш запатрабаваныя ў Беларусі “ў бліжэйшую пяцігодку”.
Раней улады прызнавалі праблемы з адтокам з краіны кваліфікаваных кадраў і спецыялістаў рабочых спецыяльнасцяў.
У часопісе Міністэрства фінансаў “Фінансы. Улік. Аўдыт” было выказана меркаванне, што, “улічваючы патрэбы прадпрыемстваў і значную колькасць працуючых за мяжой беларусаў, РБ патрабуецца стымуляваць вяртанне кваліфікаваных і высокакваліфікаваных спецыялістаў”, якіх “не трэба адаптаваць да мясцовых рэалій, часта яны сур’ёзныя прафесіяналы”.
“Таму аддача ад рэпатрыяцыі можа быць вышэйшай, чым ад замежніка, нават з аналагічным узроўнем ведаў”, — гаварылася ў артыкуле.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова прама выказваўся супраць вяртання ў краіну суайчыннікаў, якія не падтрымліваюць яго рэжым. У красавіку ён выказаў гатоўнасць прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх спецыялістаў “тых галін, пра якія мы папросім”. Ускосна Лукашэнка раскрыў палітычны матыў замяшчэння замежнікамі айчынных кадраў: “У 2020 годзе тут каля Палаца незалежнасці не пакістанцы бегалі”.
У канцы кастрычніка Міністэрства працы абнавіла пералік прафесій, даступных у 2026 годзе для спрошчанага працаўладкавання замежных грамадзян. У пералік уключана 29 рабочых спецыяльнасцяў і 17 прафесій служачых.
Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінулі Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс.
Дэфіцыт рабочых рук у Беларусі з’яўляецца “доўгатэрміновым і стратэгічным выклікам як у колькасным, так і ў якасным аспекце”, заявіла ў траўні намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч. Яна пераканана, што на першым месцы па актуальнасці для Беларусі павінна стаяць “задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёк”, а ўтрыманне сваіх кадраў, а яшчэ лепш — “вяртанне міграваўшых суайчыннікаў”.
У кастрычніку 2025 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 156,6 тыс. чалавек — на 5,5 тыс. больш, чым у верасні (4 млн 151 тыс.; +0,13%), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаТбіліскі гарадскі суд скасаваў адмову беларускай журналістцы ў прытулку (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаЮрыст "Вясны" прапанавала абраць прыярытэтны механізм прыцягнення рэжыму ў Беларусі да адказнасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваПадтрымка беларусаў у Літве працуе добра, але ў рэжыме ручнога кіравання — прадстаўніца "народнай амбасады"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваДазвол на жыхарства ў Польшчы мае сама меней 146 тыс. грамадзян Беларусі — юрыстМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы з пачатку 2025 года падаражэлі на 15,5%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваПерад пахаладаннем на большасці беларускіх метэастанцый перакрытыя рэкорды цяпла, у тым ліку больш чым 80-гадовай даўніны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка


