Мінск 13:29

Два ДТЗ са смяротным зыходам адбылося раніцай 12 снежня ў Мінскай і Гродзенскай абласцях

Архіўная ілюстрацыя: Следчы камітэт

12 снежня, Позірк. ДТЗ са смяротным зыходам здарыліся раніцай 12 снежня ў Мінскай і Гродзенскай абласцях.

Паводле інфармацыі УДАІ УУС Мінаблвыканкама, блізу 7:30 у Фаніпалі (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) 26-гадовы кіроўца, рухаючыся на мікрааўтобусе “Мерседэс“ “пры абгоне спадарожнага транспарту ў дазволеным месцы ўчыніў наезд на 24-гадовую дзяўчыну, якая рухалася па краі праезнай часткі“. Дзяўчына памерла на месцы.

Як паведаміла УУС Гродзенскага аблвыканкама, каля 8:30 на аўтадарозе М6 Мінск — Гродна паблізу вёскі Абухава (Гродзенскі раён) 25-гадовы кіроўца легкавога аўтамабіля “БМВ“ рухаўся з боку Гродна ў напрамку Мінска і наехаў на 67-гадовага раварыста. Той перасякаў дарогу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. У выніку аварыі мужчына памёр на месцы. Высвятляецца, ці сыходзіў ён з ровара пры перасячэнні праезнай часткі.

Як раней паведамляў Следчы камітэт, у першай палове 2025 года ў Беларусі зафіксавана зніжэнне колькасці дарожна‑транспартных здарэнняў і пацярпелых у іх людзей, аднак узрасла колькасць загінулых. Значны рост колькасці ДТЗ назіраецца ў Гомельскай вобласці, загінулых — у Мінску, параненых — у Мінскай вобласці. Дакладныя лічбы не называліся.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Віктар Ротчанкаў 21 кастрычніка паведаміў, што ў 2024 годзе ў ДТЗ загінула 434 чалавекі.

Падзяліцца: