Мінск 13:13

Ціханоўская атрымала прэмію Маргарэт Тэтчар і прысвяціла яе беларускім жанчынам

Святлана Ціханоўская на цырымоніі ўзнагарождання
Відэазапіс: New Direction / стоп-кадр: "Позірк"

12 снежня, Позірк. Прэмію імя Маргарэт Тэтчар за абарону свабоды атрымала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 11 снежня ў Рыме (Італія).

Ціханоўская прысвяціла прэмію “смелым беларускім жанчынам, якія змагаюцца за свабоду“, “жалезным ледзі Беларусі“: Марыі Калеснікавай, Кацярыне Андрэевай, Ніне Багінскай і іншым.

“Многія з гэтых жанчын застаюцца за кратамі. І мы не спыняем барацьбу за іх вызваленне. Гэтак жа, як мы не перастанем змагацца за нашу краіну“, — заявіла палітык у вітальнай прамове.

Дэмакратычны лідар падкрэсліла, што Беларусь — “прыклад таго, што адбываецца, калі мы грэбуем дэмакратыяй, спрабуем улагодзіць або “перавыхаваць“ дыктатараў“.

“Калі мы нерашучыя, калі прымаем паўмеры — яны толькі нахабнічаюць“, — сказала палітык.

Ціханоўская адзначыла, што Маргарэт Тэтчар “ненавідзела, калі справы рабіліся напалову“.

“І найлепшы спосаб ушанаваць яе спадчыну — пераканацца, што мы не пакінем дыктатарам ніводнага шанцу”, — падкрэсліла палітык.

Прэмія Маргарэт Тэтчар заснаваная ў 2025 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння палітыка фондам Еўрапейскага кансерватызму New Direction (“Новы напрамак“) — афіцыйным фондам еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў на ўзроўні ЕС. Заснаваны ў 2009 годзе пад патранатам Тэтчар.

7 снежня 2023 года Ціханоўская атрымала ў Вашынгтоне прэмію імя прэзідэнта ЗША Джорджа Буша і прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчар “За свабоду” Міжнароднага дэмакратычнага саюза (IDU). Палітык прысвяціла яе палітвязням.

Падзяліцца: