Мінск 19:23

Мінінфарм заблакаваў доступ да шасці сайтаў, звязаных з крыптавалютай

Ілюстрацыйнае фота: Andre Francois Mckenzie / unsplash.com

11 снежня, Позірк. Пра абмежаванне доступу да шасці сайтаў паведаміла 11 снежня Міністэрства інфармацыі.

У паведамленні ведамства адзначаецца, што рашэнне пра блакаванне прынятае на падставе апавяшчэння Мінгарвыканкама, які “выявіў на інтэрнэт-рэсурсах okx.com, bitget.com, bingx.com, bybit.com, weex.com, gate.com наяўнасць неналежнай рэкламы”.

Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што ўсе гэтыя сайты звязаныя з крыптавалютай.

Майнінг крыптавалют, электратранспарт, будаўніцтва жылля з электраацяпленнем з’яўляюцца “перспектыўнымі напрамкамі”, заявіў 14 лістапада Аляксандр Лукашэнка.

“Я тут усялякія запіскі прачытаў і меркаванні, — сказаў палітык. — У адной з запісак пішуць, што майнінг крыптавалют можа быць нестабільным. Недзе вышэй, недзе ніжэй. У нас цяпер увесь свет хварэе на глабальную праблему — адысці ад залежнасці ад адной валюты — долара. І гэты працэс будзе нарастаць. І крыптавалюта з’яўляецца, мусіць, адным з варыянтаў адыходу”.

На нарадзе па пытаннях развіцця сферы лічбавых знакаў 5 верасня ў Мінску Лукашэнка заявіў, што вынікі пазапланавай праверкі аператараў крыптаплатформ, праведзенай Камітэтам дзяржкантролю, сведчаць пра неабходнасць “больш тонкіх наладак” крыптавалютнай дзейнасці.

Паводле яго слоў, “фактычна сёння лічбавае жыццё пачынае апярэджваць права, а дакладней, ініцыюе стварэнне яго новых галінаў”. У сувязі з гэтым Лукашэнка даручыў намеціць “ключавыя, прынцыповыя моманты” ў “новым прававым рэгуляванні”, якое дазволіць добрасумленным суб’ектам гаспадарання і “надалей спакойна працаваць” у беларускай “лічбавай гавані”.

Падзяліцца: