Мінск 12:24

Белгідрамет плануе распрацаваць інтэрактыўную геаінфармацыйную сістэму доўгатэрміновага кліматычнага прагназавання

Ілюстрацыя: David Moum / unsplash.com

10 снежня, Позірк. Інтэрактыўную геаінфармацыйную сістэму доўгатэрміновага кліматычнага прагназавання для забеспячэння “залежных ад надвор’я галін” плануе распрацаваць Белгідрамет у 2026-2028 гадах.

Праца будзе весціся сумесна з Інстытутам прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук у рамках дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы “Інавацыйныя тэхналогіі ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў і ахова навакольнага асяроддзя”, паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу Белгідрамета Вольга Бакланава.

“Гэта будзе аб’ёмная, даволі складаная работа. Будзе праведзена некалькі сцэнарыяў, у залежнасці ад канцэнтрацыі вуглякіслага газу гэта будзе разлік. Таксама гэта будзе прагноз па ўсіх 118 раённых цэнтрах”, — сказала сіноптык, не патлумачыўшы, пра якія сцэнары ідзе размова і прычым тут вуглякіслы газ.

Інфармацыя аб намеры распрацаваць названую сістэму прагучала ў адказ на пытанне: “Ці вядуцца ў Беларусі распрацоўкі айчынных кліматычных мадэляў высокай разрознасці? Ці ёсць у нас паспяховыя кейсы супрацоўніцтва ІТ-сектара і кліматолагаў, якія дазволілі прагназаваць пагрозы?”

На прэс-канферэнцыі 7 ліпеня Бакланава не здолела адказаць на пытанне аб прагнозе надвор’я на другую палову 2025 года, ці трэба рыхтавацца “да чагосьці незвычайнага, напрыклад зацяжных ападкаў або моцнай засухі”. “На жаль, мы не маем такіх праграмных комплексаў, якія разлічвалі б, дапусцім, на ацяпляльны перыяд, на цёплы перыяд. На жаль, няма такіх прагнозаў у рэспубліцы пакуль, у Белгідрамеце ў прыватнасці”, — сказала сіноптык.

Калі яе словы з’явіліся ў СМІ, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя дэ-факта пацвердзіла адсутнасць у Белгідрамета (падпарадкаваная структура) абсталявання для доўгатэрміновых прагнозаў.

У адрозненне ад кароткатэрміновых прагнозаў надвор’я, якія выпускаюць спецыялісты кожнай з нацыянальных гідраметэаралагічных службаў, доўгатэрміновыя прагнозы — “складаная, рэсурсаёмістая задача, для яе вырашэння аб’ядноўваюцца намаганні розных краін”, гаварылася ў паведамленні ведамства.

“Са 193 членаў Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА) глабальныя сезонныя прагнозы сёння выпускаюць усяго трынаццаць цэнтраў доўгатэрміновых прагнозаў: Бразіліа (Бразілія), Вашынгтон (ЗША), Мельбурн (Аўстралія), Манрэаль (Канада), Масква (Расія), Офенбах (Германія), Пекін (КНР), Прэторыя (ПАР), Рэдынг (Вялікабрытанія), Сеул (П. Карэя), Токіё (Японія), Тулуза (Францыя), Эксетэр (Вялікабрытанія)“, — адзначалася ў прэс-рэлізе.

Падзяліцца: