Мінск 15:52

Латушка звярнуўся ў Камісію фінансавага нагляду Польшчы праз блакаванне банкаўскіх дадаткаў беларусам

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

9 снежня, Позірк. Зварот у Камісію фінансавага нагляду (KNF) Польшчы з просьбай растлумачыць сітуацыю з блакаваннем польскімі банкамі мабільных дадаткаў беларусам, якія знаходзяцца на польскай тэрыторыі без дзейных дазволаў на жыхарства, накіраваў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле інфармацыі прэс-службы палітыка, 4 снежня Латушка таксама звярнуўся да кіраўніцтва PKO Bank Polski з просьбай пра сустрэчу, каб абмеркаваць узніклую сітуацыю.

У зваротах палітык патлумачыў, што “тысячы грамадзян Беларусі легальна знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы і чакаюць далейшай легалізацыі на падставе дазволу на жыхарства”. Легальнасць іх знаходжання вынікае з арт. 108 Закона аб замежніках: “Знаходжанне замежніка на тэрыторыі Рэспублікі Польшча лічыцца легальным з дня падачы заявы да дня, калі рашэнне па справе аб наданні дазволу на часовае знаходжанне стане канчатковым”.

На думку Латушкі, тое, што банкаўскія ўстановы Польшчы адмаўляюцца абслугоўваць рахункі грамадзян Беларусі без ДНЖ, спасылаючыся на санкцыі Еўрасаюза, з’яўляецца “неабгрунтаваным і празмерным датрыманнем да банкаўскіх патрабаванняў <…> і не можа служыць падставай для мер па блакаванні банкаўскіх мабільных дадаткаў (рахункаў) для грамадзян Беларусі, якія легальна знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы”.

Адзначаецца, што палітык таксама накіраваў звароты фінансаваму амбудсмэну Польшчы, Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў і Генеральнаму дырэктарату па фінансавай стабільнасці, фінансавых паслугах і рынках капіталу Еўракамісіі.

Паводле інфармацыі прэс-службы Латушкі, раней KNF у сваіх адказах паведамляла, што грамадзяне Беларусі “могуць быць аднесеныя да групы кліентаў з падвышанай рызыкай”, але адмова ад усталявання дзелавых стасункаў або рашэнне пра іх спыненне не могуць быць апраўданыя выключна аднясеннем кліента да групы высокай рызыкі.

Перад прыняццем таго ці іншага рашэння, як сцвярджаецца, банкі маюць пераканацца, што яны “разгледзелі ўсе магчымыя захады па зніжэнні рызыкі”. Кожнае рашэнне з адмовай усталяваць або працягнуць дзелавыя стасункі “мае быць абгрунтавана і дакументальна пацверджанае”; нельга без індывідуальнай ацэнкі аўтаматычна разглядаць “усіх кліентаў з адной групы аднолькава высокарызыкоўнымі для абслугоўвання”. Такі падыход KNF можа прызнаць неабгрунтаваным.

Беларусы, якія жывуць у Польшчы, атрымалі ад PKO Bank Polski апавяшчэнне пра тое, што да 11 снежня ім неабходна пацвердзіць легальнасць свайго знаходжання, прад’явіўшы ДНЖ або іншы дакумент, які дазваляе пражыванне ў Польшчы.

У адваротным выпадку, як паведаміў банк, карты карыстальнікаў будуць заблакаваныя (усе аперацыі з наяўнымі і безнаяўнымі сродкамі можна будзе здзяйсняць у аддзяленнях банка), а мабільны і інтэрнэт-банкінг, тэлефонны сэрвіс, магчымасць здзяйсняць пераводы і карыстацца сістэмай імгненных плацяжоў BLIK будуць адключаныя.

Падзяліцца: