Мінск 12:02

Польшча накіравала ў Інтэрпол запыт на вышук двух украінцаў, якія ўцяклі ў Беларусь

Ілюстрацыя на старонцы Інтэрпола ў "Фэйсбуку"

8 снежня, Позірк. Польскія праваахоўныя органы накіравалі ў штаб-кватэру Інтэрпола ў французкі Ліён чырвонае апавяшчэнне адносна двух грамадзян Украіны — Яўгена Іванова і Аляксандра Конанава, якія падазраюцца ў “шпіянажы і здзяйсненні злачынства тэрарыстычнага характару”, звязанага з дыверсіямі на чыгунцы ў Польшчы.

Польскае радыё нагадала, што, згодна з інфармацыяй праваахоўнікаў, пасля здарэння Іваноў і Конанаў уцяклі ў Беларусь.

Прэс-сакратар Галоўнага ўпраўлення паліцыі Польшчы Катажына Новак, словы якой перадае згаданае медыя, адзначыла, што ў дачыненні да абодвух замежнікаў ужо выдадзены еўрапейскі ордар на арышт, аднак чырвонае апавяшчэнне дазволіць праследаваць іх ва ўсім свеце.

21 лістапада беларускае МЗС заявіла, што кампетэнтныя органы Беларусі і Польшчы праводзяць “сумесныя мерапрыемствы па выяўленні месцазнаходжання двух грамадзян Украіны, падазраваных у здзяйсненні на польскай тэрыторыі злачынстваў тэрарыстычнага характару”.

Адзначалася, што факт уезду ўкраінцаў у Беларусь пацверджаны, праводзяцца “актыўныя вышуковыя мерапрыемствы”. Заяўлялася, што сумесна з польскім бокам “адпрацоўваюцца кантакты падазраваных, а таксама ажыццяўляецца комплекс іншых аператыўных мер”.

МЗС запэўніла, што гэтыя асобы, калі ў Беларусі іх знойдуць, будуць затрыманыя. “У далейшым у вызначаным парадку і з улікам усіх абставін, якія маюць дачыненне да справы, будзе разгледжанае пытанне пра іх перадачу польскаму боку”, — гаварылася ў паведамленні.

“Гэтая праца праводзіцца ў духу партнёрства і добрасуседства нягледзячы на тое, што з боку Польшчы дагэтуль не паступіў належным чынам аформлены запыт аб прававой дапамозе па гэтым пытанні”, — заявіла тады ведамства.

19 лістапада нота з просьбай выдаць двух грамадзян Украіны, падазраваных у датычнасці да дыверсій на чыгунцы ў двух ваяводствах Польшчы, была ўручаная часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Польшчы.

15 і 17 лістапада ў Польшчы адбыліся два інцыдэнты на чыгунцы. Спачатку стала вядома пра няспраўнасці ў чыгуначнай інфраструктуры ў раёне населенага пункта Жычын (Мазавецкае ваяводства) у люблінскім напрамку. Шляхі былі пашкоджаныя выбухам, непадалёк выяўлена яшчэ адна выбуховая прылада, якая не здэтанавала, паведамлялі польскія СМІ.

Другі інцыдэнт адбыўся пад Пулавамі (Люблінскае ваяводства), дзе была пашкоджаная чыгуначная кантактная сетка.

18 лістапада прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што дыверсію на польскай чыгунцы здзейснілі грамадзяне Украіны, якія пасля гэтага пакінулі краіну праз пункт пропуску Цярэспаль, выехаўшы ў Беларусь.

Тады ж міністр замежных спраў Радослаў Сікорскі заявіў, што Варшава будзе патрабаваць ад Мінска выдачы фігурантаў.

На наступны дзень пракуратура Польшчы выставіла абвінавачанні ў здзяйсненні дыверсій тэрарыстычнага характару паводле замовы Расіі. Датычнымі лічаць 39-гадовага Аляксандра К. і 41-гадовага Яўгена І.

Мужчыны абвінавачваюцца ў шпіянажы, які ўключае дыверсіі ў інтарэсах замежных спецслужбаў, стварэнні пагрозы катастрофы наземнага транспарту і выкарыстанні выбуховых рэчываў. Ім пагражае пажыццёвае зняволенне.

Паводле справы пра дыверсіі ў Польшчы затрымана яшчэ некалькі чалавек.

Interpol Red Notice (чырвонае апавяшчэнне Інтэрпола) — гэта запыт у праваахоўныя органы па ўсім свеце аб выяўленні і папярэднім затрыманні асобы ў чаканні экстрадыцыі, перадачы або аналагічных юрыдычных дзеянняў. Не з’яўляецца міжнародным ордарам на арышт.

Большасць такіх апавяшчэнняў прызначаная толькі для выкарыстання праваахоўнымі органамі, вытрымкі з іх публікуюцца на запыт адпаведнай краіны-члена і ў тых выпадках, калі можа спатрэбіцца дапамога грамадскасці для выяўлення месцазнаходжання чалавека або калі чалавек можа прадстаўляць пагрозу грамадскай бяспецы.

Падзяліцца: