Мінск 22:25

Ізноў была парушана праца аэрапорта Вільнюса

Ілюстрацыйнае фота: сайт аэрапорта Вільнюса

6 снежня, Позірк. Праца Вільнюскага аэрапорта зноў была парушана ўвечары 6 снежня.

На старонцы аб’екта транспартнай інфраструктуры ў “Фэйсбуку” адзначана, што ў 18:06 паводле мясцовага часу (на гадзіну больш паводле мінскага часу) “над аэрапортам Вільнюса былі ўведзеныя абмежаванні на выкарыстанне паветранай прасторы” — праз “гібрыдную атаку, ажыццёўленую Беларуссю супраць Літвы, грамадзянскай авіяцыі і грамадства”.

Як і раней, прычына ў выяўленні “навігацыйных знакаў, характэрных для паветраных шароў”.

Паводле інфармацыі аэрапорта, абмежаванні былі знятыя ў 19:31 (Нацыянальны цэнтр кіравання крызісамі папярэджваў, што яны будуць дзейнічаць да 21:05).

Папярэдні раз паветраная прастора ў Вільнюсе закрывалася праз метэазонды з Беларусі ў ноч на 4 снежня. Пазней у той дзень міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс у тэлефоннай размове з генеральным сакратаром НАТО Маркам Рутэ адзначыў, што ў балтыйскай дзяржаве з “нецярпеннем чакаюць найхутчэйшага прыбыцця” ў краіну групы падтрымкі Паўночнаатлантычнага альянсу па барацьбе з гібрыднымі атакамі.

Паводле яго слоў, дзеянні беларускага рэжыму з кастрычніка “прадстаўляюць сур’ёзную пагрозу грамадзянскай авіяцыі Літвы і Еўропы”. Будрыс адзначыў, што Мінск “не перашкаджае гэтым дзеянням і мэтанакіравана атакуе вільнюскі аэрапорт кантрабанднымі паветранымі шарамі, каб перашкодзіць яго працы”.

5 снежня прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене паведаміла, што на наступным тыдні ў краіне будзе абвешчаны рэжым экстрэмальнай сітуацыі. На гэты крок літоўскія ўлады вырашылі пайсці праз выпадкі прылёту з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, што парушаюць працу аэрапорта сталіцы, якія ніяк не спыняюцца.

Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, што перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перамовы з Вільнюсам па гэтым пытанні павінны весціся на палітычным узроўні, Літва (прынамсі публічна) спрабуе пазбегнуць гэтага. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай дзяржавы, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.

Падзяліцца: