Мінск 21:29

У суд накіравана справа аб карупцыі на бабруйскай “Белшыне”

4 снежня, Позірк. Дзевяць службовых асоб “буйнога прамысловага і камерцыйных прадпрыемстваў у сферах вырабу і рэалізацыі аўтамабільных шын, у тым ліку буйнагабарытныя”, паўстануць перад судом па маштабнай карупцыйнай справе, паведаміла Генеральная пракуратура.

Фігурантам у залежнасці ад іх ролі “інкрымінаваны атрыманне і дача хабару ў асабліва буйным памеры, перавышэнне службовых паўнамоцтваў, а таксама пасрэдніцтва ў хабарніцтве”.

“Згодна з матэрыяламі справы са снежня 2017 года па ліпень 2024 года на тэрыторыі Беларусі і Расіі была створана і дзейнічала арганізаваная група з ліку кіраўнікоў прадпрыемстваў, у тым ліку якія ўваходзяць у адзін з дзяржаўных канцэрнаў Беларусі”, — адзначаецца ў рэлізе.

Мэтай пракуратура называе “сістэматычнае атрыманне ў якасці хабару грошай за арганізацыю пераважнай рэалізацыі шыннай прадукцыі ў адрас пэўных расійскіх суб’ектаў гаспадарання ад беларускага вытворцы”.

Арганізатарам АЗГ, па дадзеных ГП, з’яўляўся “гендырэктар суб’екта тавараправоднай сеткі з Масквы”, які не толькі “распрацаваў схему злачыннай дзейнасці”, але і “вызначаў сумы хабараў (1% ад кошту пастаўляемай прадукцыі без ПДВ)”.

Акрамя таго, як сцвярджаецца, ён размяркоўваў ролі паміж удзельнікамі АЗГ, распрацаваў механізм збору, уліку, размеркавання і перадачы незаконнага грашовага ўзнагароджання.

Сумы незаконнага ўзнагароджання за пастаўку шын у неабходных аб’ёме і асартыменце вар’іраваліся ад 360 тыс. да 35,5 млн расійскіх рублёў (ад 4 тыс. да 394 тыс. еўра — тут і далей паводле сённяшняга курсу).

Паводле звестак Генпракуратуры, усяго з 2018 года па ліпень 2024 года ў якасці хабару атрымана каля 560 млн расійскіх рублёў (6 млн 213 тыс. еўра).

Яшчэ адзін фігурант — “генеральны дырэктар буйнога беларускага прадпрыемства па вытворчасці шын” — у сакавіку 2023 года выйшаў са складу АЗГ, паколькі быў звольнены з гэтай пасады. Яму таксама інкрымінавана “перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое прычыніла ўзначаленаму ім прадпрыемству цяжкія наступствы ў выглядзе шкоды ў асабліва буйным памеры”.

Усяго былы кіраўнік “арганізаваў пастаўку больш за 7.690 аўташын розных мадэляў і тыпаразмераў уласнай вытворчасці на агульную суму 80,3 млн беларускіх рублёў (23,79 млн еўра) пры іх фактычным сабекошце ў 90,2 млн беларускіх рублёў (26,73 млн)”.

У рэлізе не пазначана ні назва прадпрыемства, не імя фігуранта.

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра Андрэя Бунакова. 14 лютага 2023 года на пашыранай нарадзе з кіраўніцтвам урада Аляксандр Лукашэнка паведаміў аб расследаванні дзеянняў генеральнага дырэктара ААТ “Белшына” (Бабруйск, Магілёўская вобласць), які “знаходзіцца ў следчым ізалятары” (на сайце прадпрыемства тады было ўказана, што ім кіруе Бунакаў),

22 красавіка 2024 года было падпісана пагадненне аб тым, што створаная ў РФ беларуская кампанія “Марскі тэрмінал “Вароты Арктыкі” пабудуе ў Мурманску да 2028 года вялікі порт для перавалкі беларускіх грузаў. Подпісы пад дакументам паставілі губернатар Мурманскай вобласці Андрэй Чыбіс і гендырэктар згаданага прадпрыемства Бунакаў.

Лукашэнка ўзгадніў ягоную кандыдатуру на пасаду кіраўніка прадпрыемства 23 красавіка 2020 года. Раней той быў намеснікам старшыні канцэрна “Белнафтахім” (з лістапада 2018 года), яшчэ раней – дырэктарам прадпрыемства “Полацк-Шкловалакно” (са жніўня 2015 года).

Таксама ГП сёння паведаміла, што падчас папярэдняга следства з шасцю абвінавачанымі было заключана дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве, з іх двое “не выканалі яго ўмовы, адзначае ведамства”.

Беларускі і расійскі рынкі з’яўляюцца асноўнымі для прадпрыемства “Белшына”, заявіла начальнік бюро маркетынгавых даследаванняў і стратэгічнага маркетынгу Ганна Басарэўская на прэс-канферэнцыі 27 кастрычніка.

“У агульным аб’ёме продажаў рынак Беларусі, у сваім асноўным выражэнні, займае каля 60%, — адзначыла прадстаўніца завода. — Наша доля на айчынным рынку складае 40%. У планах прадпрыемства ў бліжэйшай перспектыве павялічыць яе да 50%. Асноўны наш экспартны рынак — гэта Расійская Федэрацыя. У агульным аб’ёме экспарту гэты рынак займае каля 90%”.

13 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка назначыў генеральным дырэктарам ААТ “Белшына” Андрэя Сойку, які да гэтага моманту займаў пасаду намесніка гендырэктара па сацыяльных пытаннях — начальніка ўпраўлення сацразвіцця і ЖКГ ААТ “Беларуськалій”.

Прэферэнцыйную скідку пры аказанні паслуг бабруйскаму прадпрыемству “Белшына” (Магілёўская вобласць) прадаставіў Лукашэнку кампаніі “Клін Энерджы Груп Бел”, якая належыць прадпрымальніку Аляксандру Машэнскаму, вынікае з апублікаванага 19 кастрычніка расследавання аб’яднання BelPol.

2 снежня 2021 года Еўрасаюз уключыў ААТ “Белшына” ў пяты пакет санкцый. 20 снежня таго ж года да абмежавальных мер ЕС далучылася Швейцарыя, 22 снежня — Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Сербія, Чарнагорыя, у сакавіку 2022-га — Японія, кастрычніку — Украіна.

9 жніўня 2021 года Бунакова, які ў той час быў генеральным дырэктарам “Белшыны”, уключылі ў санкцыйныя спісы ЗША.

У сакавіку 2024 года суд Еўразвяза ў Люксембургу па выніках разгляду пазову “Белшыны” зняў санкцыі. У судовым рашэнні адзначалася: Савет Еўрасаюза як адказчык не змог даказаць, што прадпрыемства, з’яўляючыся адным з вядучых у Беларусі, служыць “істотнай крыніцай даходаў для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”.

Таксама, на думку судовага органа, недаказаным засталося сцвярджэнне, што беларуская дзяржава “наўпрост атрымлівае выгаду з даходаў прадпрыемства”.

У пастанове адзначалася, што на судзе пазоўнік прадставіў дакументы, якія сведчаць аб стратнасці завода.

У кастрычніку мінулага года беларускія журналісты-расследавальнікі (БРЦ) заявілі, што “Белшына” пасля зняцця санкцый працягвае абслугоўваць расійскі ваенпрам.

Падзяліцца: