Дарадца Ціханоўскай сустрэўся з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША Смітам, датычным да вызвалення палітвязняў

4 снежня, Позірк. Сустрэча намесніка памочніка дзяржсакратара Злучаных Штатаў Амерыкі Крыстафера Сміта і дарадцы Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніса Кучынскага прайшла падчас візіту апошняга ў ЗША, паведаміў 4 снежня тэлеграм-канал беларускага дэмакратычнага лідара.
Паводле слоў Кучынскага, у яго са Смітам адбылася “выдатная дыскусія”. “Ад імя Святланы Ціханоўскай я выказаў яму шчырую падзяку за нястомныя намаганні дзеля вызвалення палітвязняў і за прынцыповае, моцнае лідарства”, — паведаміў дарадца палітыка.
Прадстаўнік беларускіх дэмсіл таксама выказаў суразмоўцу падзяку за плённую тэлефонную размову “паміж Ціханоўскай і нядаўна прызначаным спецыяльным пасланнікам ЗША па Беларусі спадаром Джонам Коўлам”.
Асобна была выказаная “шчырая ўдзячнасць спадару Коўлу, а таксама ўсёй адміністрацыі прэзідэнта [ЗША Дональда] Трампа” за “сталую ўвагу да Беларусі” — асабліва за “намаганні, скіраваныя на вызваленне беларускіх палітычных зняволеных”.
3 снежня Кучынскі паведаміў пра “трэці за апошнія пяць месяцаў” візіт у Белы дом. У Вашынгтоне ён сустрэўся з намеснікам дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Эндзі Бэйкерам.
12 лютага 2025 года ў выніку непублічных перагавораў у Мінску Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і адпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.
21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і спецпасланніка Трампа па Украіне Кіта Келага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа Святланы Ціханоўскай.
52 зняволеных, у тым ліку 40 палітычных, было вызвалена 11 верасня ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй Трампа і Лукашэнкі. Умовай вызвалення быў выезд вязняў з краіны. Адзін з вызваленых — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — адмовіўся эміграваць у Літву, куды павезлі групу, і вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Найбольш імаверна, ён вернуты за краты.
У дзень вызвалення згаданай групы вязняў Коўл (тады яшчэ намеснік спецпрадстаўніка Трампа па Украіне), які ўдзельнічаў у перамовах з Лукашэнкам, паведаміў журналістам у Вільнюсе, што Вашынгтон дамагаецца нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Пасля гэтага ЗША ў два этапы знялі санкцыі з авіякампаніі “Белавія”, у тым ліку з трох самалётаў, якія могуць мець дачыненне да Лукашэнкі і кампаніі “Слаўкалій”, што раней актыўна працавала на тэрыторыі Беларусі.
9 лістапада Трамп паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што намінаваў 78-гадовага Коўла на пасаду свайго спецыяльнага пасланніка па Беларусі. “Ён ужо паспяхова дамогся вызвалення 100 Закладнікаў (так амерыканскі кіраўнік называе палітзняволеных; “закладнікі” ў арыгінале з вялікай літары. — “Позірк”.) і мае намер дамагчыся вызвалення яшчэ 50. Загадзя хацеў бы падзякаваць паважанаму прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за яго ўвагу да пытання вызвалення гэтых людзей“, — адзначыў палітык.
20 лістапада Лукашэнка паведаміў, што ў снежні, хутчэй за ўсё, у яго адбудуцца “чарговыя перагаворы з амерыканскімі партнёрамі”.
Пазней агенцтва Reuters са спасылкай на “тры крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй”, паведаміла пра тое, што адміністрацыя Трампа абмяркоўвае з беларускімі ўладамі магчымасць хуткага вызвалення сама меней 100 палітвязняў.
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаМінулы дзень стаў дзясятым у 2025 годзе, калі суседнія краіны ЕС не зафіксавалі спробаў нелегальнай міграцыі з БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства



