Мінск 17:08

На патрэбы людзей з інваліднасцю сістэма заплюшчыла вочы — Ціханоўская

3 снежня, Позірк. Патрабаванне роўных магчымасцяў — гэта не “асаблівае стаўленне”, дзяржава “павінна бачыць кожнага свайго грамадзяніна і ствараць умовы, у якіх не трэба прасіць базавых рэчаў”, адзначыла з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў Святлана Ціханоўская.

У Беларусі шмат людзей, чые патрэбы доўгія гады застаюцца нябачнымі для рэжыму. Людзі з інваліднасцю — тыя, каму для паўнавартаснага жыцця патрэбныя не асаблівыя прывілеі, а ўсяго толькі справядлівыя і даступныя ўмовы: медыцына, адукацыя, магчымасць перасоўвацца, працаваць, прымаць удзел у грамадскім жыцці”, — цітуе дэмлідара яе прэс-служба.

“Тое, што для адных з нас — звыклая рэч, для іншых штодзённая барацьба”, дадала палітык: як трапіць да лекара, як уладкаваць дзіця з асаблівасцямі ў школу, як выбрацца з дома, калі пандус існуе толькі на паперы, а транспарт не прыстасаваны. 

На гэтыя абмежаванні “сістэма заплюшчыла вочы”. 

Людзі з інваліднасцю сутыкаюцца ў Беларусі і з рэпрэсіямі, ёсць тыя з, хто памёр за кратамі, адзначыла яна.

20 лютага 2024 года ў Мінскай раённай бальніцы на 64-м годзе жыцця памёр палітвязень Ігар Леднік, які быў інвалідам другой групы і меў праблемы з сэрцам. Адбываў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта).

У траўні 2023 года ў папраўчай калоніі № 3 у пасёлку Віцьба (Віцебскі раён) памёр блогер з інваліднасцю II групы Мікалай Клімовіч, асуджаны на адзін год пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК.

“У давесак да гэтага жаху” ў 2021 годзе быў ліквідаваны Офіс па правах людзей з інваліднасцю, гэта “гаворыць толькі пра тое, наколькі абыякава да беларусаў ставіцца рэжым”, падкрэсліла Ціханоўская.

На 4 лістапада 2025 года не меней за 182 палітвязні знаходзяцца ў няволі “ў асаблівай рызыцы”, сярод іх мінімум 66 чалавек у цяжкім стане здароўя, восем — з інваліднасцю, паведамляў праваабарончы цэнтр “Вясна”.

У Беларусі тую ці іншую ступень інваліднасці мае каля 550 тыс. чалавек, або прыкладна 6% насельніцтва краіны. Такія даныя прывяла на прэс-канферэнцыі 1 снежня ў Мінску намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка.

Працуе больш за 71 тыс. людзей з інваліднасцю, або 61,5% асоб гэтай катэгорыі, “якія маюць рэкамендацыі да працы”. Штогод іх колькасць павялічваецца на 2–2,5 тыс. чалавек.

Міжнародны дзень інвалідаў адзначаецца ва ўсім свеце штогод 3 снежня ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 14 кастрычніка 1992 года.

Падзяліцца: