Мінск 16:36

У Светлагорскім раёне работнікі фермы прызнаныя вінаватымі ў гібелі трох кароў у ДТЗ

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінсельгасхарча

3 снежня, Позірк. Суд Светлагорскага раёна (Гомельская вобласць) задаволіў пазоў мясцовай пракуратуры аб спагнанні шкоды, нанесенай сельгаспрадпрыемству ў выніку гібелі жывёлы ў ДТЗ, паведамляе прэс-служба нагляднага ведамства.

Шкода склала 10,1 тыс. рублёў, гаворыцца ў рэлізе. У адпаведнасці з рашэннем суда, 70% сумы павінен пагасіць выканаўчы дырэктар прадпрыемства, 15% — брыгадзір, па 7,5% — два жывёлаводы.

Адзначаецца, што ў лютым 2025 года мужчына кіраваў аўтамабілем “Мэрсэдэс-Бенц” і рухаўся па аўтадарозе Р-31 “Бабруйск — Мазыр — мяжа Украіны”. “Раптам на праезнай частцы дарогі з’явіліся тры каровы чорнага колеру. Аўтамабіль рухаўся з хуткасцю каля 60 км/г і кіроўца ужыў экстранае тармажэнне, але пазбегнуць наезду на жывёл яму не ўдалося. У выніку ДТЗ каровы загінулі”, — адзначае Генпракуратура.

У дзеяннях кіроўцы парушэння правілаў дарожнага руху зафіксавана не было, вынікае з паведамлення. У выніку праверкі ўстаноўлена, што жывёлы выйшлі на дарогу па віне работнікаў фермы, на якой “мелася [толькі] частковая агароджа па перыметры”.

“У гэты дзень догляд за пагалоўем буйной рагатай жывёлы на ферме ажыццяўлялі начныя жывёлаводы, якія нясуць поўную матэрыяльную адказнасць. У сваю чаргу брыгадзір фермы не прыняла неабходных мер па забеспячэнні належных умоў утрымання жывёл, што прывяло да бескантрольнага выхаду жывёлы”, — заявілі ў пракуратуры.

Паведамляецца, што выканаўчы дырэктар, які нёс адказнасць за дзейнасць сельгаспрадпрыемства, не забяспечыў “наяўнасць трывалай агароджы”.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (каровы, быкі і інш.) На канец кастрычніка 2025 года склала ў Беларусі 3.915.838 галоў — на 2,6% менш, чым было годам раней (4.018.755), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Адмоўная дынаміка зафіксаваная ва ўсіх рэгіёнах: у Віцебскай — 453.506 (488.795; -7,2%), Магілёўскай — 462.482 (492.503; -6,1%), Гомельскай — 570.492 (593.476; -3,9%), Мінскай — 900.634 (909.052; -0,9%), Брэсцкай — 848.961 (853.449; -0,5%), Гродзенскай — 679.763 (681.480; -0,3%).

У цэлым па краіне колькасць кароў скарацілася да 1.364.211 (1.382.444; -1,3%).

Падзяліцца: