Мінск 12:21

Дэпутаты не падтрымалі прапанову Мінфіна аб павышэнні да 40% “падатка на багацце”

3 снежня, Позірк. Максімальная стаўка па “падатку на багацце” складзе 30% замест 40%, што раней прапаноўвала Міністэрства фінансаў, вынікае з прынятага 3 снежня Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) у другім чытанні законапраекта аб змяненні нарматыўна-прававых актаў па падатковых пытаннях.

Як адзначае прэс-служба ПП НС, стаўкі па падвышаным падаходным падатку ў дачыненні да працоўных і іншых даходаў устаноўлены ў памерах:

13% — для даходаў да 350 тыс. рублёў (прыкладна 29,2 тыс. рублёў у месяц);

25% — ад 350 тыс. да 600 тыс. рублёў (ад 29,2 тыс. да 50 тыс.);

30% — звыш 600 тыс. рублёў (звыш 50 тыс.).

Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Беларусі ў кастрычніку 2025 года склала 2.758,6 рубля — на 12,2 рубля больш (+0,4%), чым у верасні (2.746,4), паказаў праведзены раней “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У снежні 2024-га гэты паказчык складаў 2.693,9 рубля, студзені 2025-га — 2.427,4, лютым — 2.428,1, сакавіку — 2.601,8, красавіку — 2.613,5, траўні — 2.652,3, чэрвені — 2.717,8, ліпені — 2.772,4, жніўні — 2.762,7.

12 лістапада міністр фінансаў Юрый Селіверстаў на пасяджэнні пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах ніжняй палаты адзначаў, што прапануецца павысіць стаўкі асобных падаткаў па прынцыпе “хто больш зарабляе, той больш плаціць”.

У прыватнасці, заяўляў чыноўнік, прапаноўвалася “захаваць падыход па далейшай дыферэнцыяцыі падаходнага падатку ў частцы ўвядзення трэцяй стаўкі 40% пры даходах звыш 600 тыс. рублёў у год”.

“За мінулы год пры стаўцы 25% у бюджэт паступіла больш за 200 млн рублёў. Палова з гэтых сродкаў паступіла ў бюджэт Мінска. Прапануецца ў далейшым увесці стаўку 40% пры даходзе звыш 600 тыс. Гэта значыць, зноў жа, прапануецца прымяняць да сумы перавышэння, — падкрэсліваў міністр. — Паводле даных Міністэрства па падатках і зборах, зыходзячы з таго ж аб’ёму плацяжоў, якія былі, туды трапляе каля 1 тыс. чалавек. У нас захоўваюцца асобныя рэжымы ў Парку высокіх тэхналогій, Кітайска-беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень”, і падаткі на іх у прынцыпе не распаўсюджваюцца, і стаўка ў 25% на іх не распаўсюджваецца”.

30 снежня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон № 327-З “Аб змене законаў у пытаннях падаткаабкладання”.

Сярод іншага папраўкі ўвялі так званы “падатак на багацце” — павялічылі з 13 да 25% падаходны падатак для фізічных асоб, чые сукупныя даходы за падатковы перыяд перавысілі 200.000 рублёў. Гаворка аб даходах, атрыманых падаткаплацельшчыкам “ад крыніц у Рэспубліцы Беларусь у выглядзе дывідэндаў, па працоўных дагаворах, а таксама па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з’яўляюцца выкананне работ, аказанне паслуг і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці”.

Падзяліцца: