Мінск 21:59

У Пскоўскай вобласці чацвярых расіян абвінавачваюць у кантрабандзе беларускіх цыгарэт, ім пагражае да 12 гадоў зняволення

2 снежня, Позірк. Крымінальная справа аб кантрабандзе 77 тыс. пачкаў беларускіх цыгарэт распачата ў Пскоўскай вобласці (РФ) у дачыненні да чацвярых расійскіх грамадзян, паведамляе ТАСС са спасылкай на рэгіянальнае ўпраўленне Федэральнай службы бяспекі.

“Устаноўлена, што фігуранты, дзейнічаючы з карыслівых памкненняў у складзе арганізаванай групы, незаконна перамяшчалі <…> тытунёвую прадукцыю з мэтай далейшай рэалізацыі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што кошт канфіскаванай у падазраваных тытунёвай прадукцыі перавышае 10 млн расійскіх рублёў (каля 130 тыс. долараў).

Паводле звестак следства, група арганізавала незаконнае перамяшчэнне буйной партыі тытунёвай прадукцыі з Беларусі ў Расію.

Справа распачата паводле ч. 3 арт. 226.1 КК РФ (кантрабанда стратэгічна важных тавараў і рэсурсаў у буйным памеры арганізаванай групай).

“Усім фігурантам абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі”, — адзначаецца ў публікацыі.

Падзяліцца: