Мінск 20:40

Лукашэнка разлічвае “значна павялічыць тавараабарот” з Алжырам

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

2 снежня, Позірк. Надзею на тое, што Беларусі ўдасца “значна павялічыць тавараабарот” з Алжырам, выказаў Аляксандр Лукашэнка 2 снежня пасля перамоў са спікерам Нацыянальнай народнай асамблеі гэтай паўночнаафрыканскай краіны Ібрагімам Бугалі.

“Той тавараабарот, які мы маем, зусім не адлюстроўвае патэнцыялу нашых краін, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы правялі тут форум дзелавых колаў Беларусі і Алжыра, устанавілі стасункі напрамую паміж кампаніямі. <…> Мы адказныя людзі і будзем няўхільна выконваць нашыя дамоўленасці. Тармажэння з нашага боку не будзе”.

У апошнія гады, паводле слоў аратара, дынаміка адносін Алжыра і Беларусі “значна ўзмоцнена”, але цяперашні тавараабарот “зусім не адлюстроўвае патэнцыялу” дзвюх дзяржаў.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь як “машынабудаўнічая краіна з развітой сельскай гаспадаркай гатова” дзяліцца тэхналогіямі з Алжырам.

Прэс-служба візіцёра прыводзіць статыстыку двухбаковага гандлю: “Па выніках 2024 года тавараабарот паміж Беларуссю і Алжырам склаў крыху больш за 49 млн долараў, з якіх практычна ўвесь аб’ём — гэта беларускі экспарт”.

Паведамляецца, што 2 снежня Лукашэнка сустрэўся ў Алжыры таксама з прэм’ер-міністрам Сіфі Грыебам.

Афіцыйны візіт Лукашэнкі ў Алжыр праходзіць 2–3 снежня.

Анансаваныя перагаворы з алжырскім прэзідэнтам Абдэльмаджыдам Тэбунам — “у вузкім і пашыраным складах”, “з акцэнтам на паглыбленне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і рэалізацыю ўзаемавыгадных двухбаковых праектаў”.

Паведамлялася, што напярэдадні візіту ў Алжыры адбыўся сумесны бізнес-форум, прайшлі перамовы на ўзроўні міністраў, кіраўніцтва прадпрыемстваў і кампаній.

Па выніках перамоў і візіту агулам чакаецца падпісанне двухбаковых дакументаў па развіццю супрацоўніцтва ў розных сферах.

Лукашэнка адсутнічае ў Беларусі з 26 лістапада. У той дзень ён накіраваўся ў Кыргызстан, дзе 27 лістапада адбыўся саміт АДКБ. Адразу пасля завяршэння сустрэчы палітык вылецеў у М’янму.

Адтуль увечары 28 лістапада ён прыбыў у Аман, аднак на публіцы з’явіўся толькі на кароткі час 1 снежня — перад закрытымі перамовамі з султанам Хайсамам бін Тарыкам аль Саідам. Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу неўласцівы для прэс-службы палітыка стыль падачы матэрыялаў аб перамовах, у прыватнасці, поўную адсутнасць якіх-небудзь цытат.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Алжырам устаноўлены 24 кастрычніка 1995 года.

Апошнія адкрытыя даныя на сайце амбасады Беларусі ў Егіпце, які курыруе адносіны з Алжырам, указваюць на рэзкае падзенне і мізэрныя аб’ёмы двухбаковага гандлю — з 13,2 млн долараў у 2020 годзе да 1,01 млн у 2021-м. У абодвух выпадках тавараабарот быў аднабаковы і складаўся толькі з беларускага экспарту.

Асноўныя экспартныя пазіцыі: калійныя ўгнаенні, тэкстыльныя матэрыялы, насычаныя або пакрытыя пластмасамі, папера газетная, канцылярскія вырабы.

Падзяліцца: