Мінск 19:54

24-гадовы жыхар Круглянскага раёна пазбаўлены волі на 15 гадоў за жорсткае забойства партнёркі праз рэўнасць

Фота: "Позірк"

2 снежня, Позірк. 24-гадовы жыхар Круглянскага раёна (Магілёўская вобласць) прызнаны вінаватым паводле п. 6 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю), паведамляе Следчы камітэт.

За забойства партнёркі суд прыгаварыў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Паводле даных следства, увечары 5 студзеня ў аграгарадку Камсенічы мужчына “жорстка збіў сваю сужыцельку, пасля чаго нанёс ёй смяротнае раненне лязом ад будаўнічага нажа”.

Судова-медыцынская экспертыза пацвердзіла ў ахвяры наяўнасць пераломаў рэбраў і пад’язычнай косткі, мноства ран і кровападцёкаў на целе.

Згодна з заключэннем экспертаў, жанчыне было “нанесена 33 траўматычныя ўздзеянні цвёрдым тупым прадметам”. Яна памерла ад камбінаванай траўмы, ускладненай развіццём багатай страты крыві і траўматычнага шоку.

Адзначаецца, што пасля зробленага мужчына патэлефанаваў спачатку сваёй маці, а потым выклікаў хуткую дапамогу. Медыкі, якія прыбылі, канстатавалі смерць пацярпелай.

Адметна, што ў прэс-рэлізе СК на ахвяру ўскладаюць частковую віну за тое, што адбылося — падкрэсліваецца, што загінулая жанчына “лёгка ставілася да жыцця і злоўжывала спіртным, да якога прыахвоціла і свайго сужыцеля”.

Аб забойцы СК паведамляе, што ён “мясцовай адміністрацыяй характарызуецца здавальняюча, сваякамі — як спакойны, сціплы чалавек”. Таксама паведамляецца, што сварка адбылася таму, што мужчына прыраўнаваў партнёрку да свайго непаўналетняга брата. Падчас следства падсудны сцвярджаў, што “адчуваў да сужыцелькі самыя моцныя пачуцці, але вельмі раўнаваў да ўсіх”.

Сваю віну ён поўнасцю прызнаў.

У Беларусі сістэматычна адбываюцца забойствы жанчын мужамі ці партнёрамі.

2 снежня паведамлялася, што Мінскі гарадскі суд прыгаварыў да 17 гадоў зняволення 46-гадовага жыхара сталіцы, які ўчыніў забойства з асаблівай жорсткасцю.

Паводле даных следства, у сакавіку гэтага года мужчына адзначаў у кампаніі дзень нараджэння сужыцелькі. “Падчас распівання спіртных напояў паміж нецвярозым мужчынам і пацярпелай узнік канфлікт на фоне рэўнасці. Узяўшы нож са стала, абвінавачаны нанёс жанчыне не менш за 27 удараў па галаве, шыі і ў грудную клетку.

10 лістапада памерла жыхарка Мазыра (Гомельская вобласць), якой муж нанёс “не менш за сем удараў у вобласць твару і тулава”. У жанчыны былі пашкоджаны “чэраўная паражніна і органы ў ёй”.

Адзначалася, у сям’і выхоўвалася чацвёра дзяцей, малодшае дзіця — 2022 года нараджэння. У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа паводле п. 6 ч. 2 арт. 139 (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю) і арт. 364 (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса.

27 лістапада паведамлялася, што да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму Мінскі гарадскі суд прыгаварыў жыхара сталіцы за забойства жонкі. Паводле версіі абвінавачання, у красавіку 2025 года жонка, маці траіх дзяцей, позна вярнулася дадому з працы, “дзе яе чакаў агрэсіўна настроены, раўнівы муж”. Ён забраў мабільны тэлефон жонкі, прачытаў у ім перапіскі, затым зачыніўся з пацярпелай у спальні, “дзе нанёс ёй не менш за 27 удараў нажом у грудную клетку, жывот, шыю, а таксама па руках і нагах”.

Дзеці тым часам знаходзіліся ў суседніх пакоях.

Розныя віды хатняга гвалту зазнаюць 17,6% гараджанак, якія маюць партнёра, сведчаць даныя апытання, праведзенага ў 2023 годзе анлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры падтрымцы Chatham House (Каралеўскі інстытут міжнародных адносін, Вялікабрытанія).

У Беларусі няма закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Адпаведны дакумент распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 года чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы яго “дуратой, узятай найперш з Захаду”.

Лукашэнка неаднаразова дапускаў дыскрымінацыйныя выказванні ў адрас жанчын, маскіруючы гэта пад клопат аб іх. У прыватнасці, ён заяўляў, што беларуская Канстытуцыя напісана “не пад жанчыну” і што жанчына не можа быць вярхоўным галоўнакамандуючым.

Падзяліцца: