Мінск 12:08

У Вярхоўны суд накіраваная шостая справа паводле абвінавачання ў генацыдзе беларускага народа

Ілюстрацыя: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

2 снежня, Позірк. Генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд крымінальную справу Ганса Ойгена Зіглінга, што ўваходзіў у склад СС і ахоўнай паліцыі, які абвінавачваецца ў генацыдзе беларускага народа (арт. 127 КК).

Наглядны орган адзначыў 2 снежня, што гэта шостая такая справа, якая накіраваная ў суд.

Паводле інфармацыі ведамства, Зіглінг нарадзіўся 24 лютага 1912 года ў Графенвёры (Германская імперыя), памёр у снежні 1978 года (дакладная дата не называецца, заяўляецца, што пасля 14-га чысла) на тэрыторыі ФРГ.

Крымінальная справа вылучаная ў спецыяльную вытворчасць.

“Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны, узначальваючы з моманту дыслакацыі на акупаванай тэрыторыі БССР украінскую паліцэйскую роту, а са снежня 1942 года — студзеня 1943 года — створаны на яе базе 57-ы батальён ахоўнай паліцыі, выконваў злачынныя загады кіраўніцтва больш высокага ўзроўню”.

Ведамства сцвярджае, што Зіглінг “непасрэдна арганізаваў карныя аперацыі і акцыі, падчас якіх здзейсніў забойствы, уключаючы масавыя, знішчэнне цалкам або часткова 11 сельскіх населеных пунктаў”.

“У прыватнасці, паводле звестак Генпракуратуры, кіруючыся матывамі нацыянальнай і ідэалагічнай варожасці і варажнечы, дзейнічаючы як адзін, з усімі, так і сумесна з асобнымі са сваіх падначаленых, Зіглінг пазбавіў жыцця праз расстрэлы з агнястрэльнай баявой зброі і павешанне не менш як 1.706 чалавек, у тым ліку не менш як 238 заведама малалетніх дзяцей, а таксама асоб, якія знаходзіліся ў бездапаможным стане, і заведама састарэлых”.

Паведамляецца, што ён “замахваўся на забойства яшчэ не менш як 30 чалавек, прычыніўшы асобным цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, аднак не змог давесці злачынныя дзеянні да канца праз абставіны, якія не залежалі ад яго”.

“Следчай групай Генеральнай пракуратуры сабраныя неабвержныя доказы, якія ўтрымліваюцца ў 22 тамах крымінальнай справы і пацвярджаюць удзел Зіглінга ў знішчэнні мірнага насельніцтва БССР асабіста або праз дачу загадаў сваім падначаленым”, — гаворыцца ў паведамленні.

У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа” (у красавіку таго ж года была ўзбуджаная крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа). Пры гэтым пад беларускім народам “для мэтаў гэтага закона разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 1302 КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў зняволення, за паўторнае парушэнне закона — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, які дазваляе пераследваць памерлых у крымінальным парадку.

У 2024–2025 гадах паводле арт. 127 вінаватымі прызнаныя Уладзімір Катрук, Канстанцін Смоўскі, Сямён Серафімавіч, Осіп Вінніцкі і Аляксандр Ярмольчык. Пакаранні ва ўсіх гэтых выпадках не прызначаліся, паколькі гаворка пра ўжо памерлых людзей.

Падзяліцца: