Мінск 10:00

Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за 12 месяцаў вырасла ў 1,5 раза

2 снежня, Позірк. Знешнегандлёвы абарот тавараў Беларусі за студзень — кастрычнік 2025 года склаў 72 млрд 43 млн долараў (71 млрд 557 млн годам раней; +0,7%), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Экспарт склаўся на ўзроўні 33 млрд 379,5 млн (33 млрд 956,4 млн; -1,7%), імпарт — 38 млрд 663,5 млн (37 млрд 600,6 млн; 2,8%). Адмоўнае сальда склала 5 млрд 284,4 млн (-3 млрд. 644,2 млн.; рост у 1,5 раза).

У студзені адмоўнае сальда складала 504,3 млн долараў, па выніках студзеня — лютага — 1 млрд 22,7 млн, студзеня — сакавіка — 1 млрд 637,6 млн, студзеня — красавіка — 2 млрд 261,9 млн, студзеня — траўня — 2 млрд 605,9 млн, студзеня — чэрвеня — 3 млрд 183,8, студзеня — жніўня — 3 млрд 791,4 млн, студзеня — верасня — 4 млрд 565,6 млн. Такім чынам, за месяц яно павялічылася на 15,74%.

Паводле звестак Белстата, знешнегандлёвы абарот тавараў у 2024 годзе склаў 86 млрд 27,2 млн долараў (+3,7% да 2023 года, калі было 82 млрд 931,8 млн). Экспарт за год дасягнуў 40 млрд 327,3 млн долараў (+1,2%; 39 млрд. 840,1 млн.), імпарт — 45 млрд 699,9 млн (+6,1%; 43 млрд 91,7 млн). Адмоўнае сальда склала 5 млрд 372,6 млн даляраў (па выніках 2023 года было -3 млрд 251,6 млн; +65,2%).

У апублікаваным 10 кастрычніка інтэрв’ю дзяржгазеце “Рэспубліка” міністр эканомікі Юрый Чабатар падкрэсліў, што ўлады “працягнуць працу па нарошчванні паставак у краіны СНД і далёкай дугі”. У той жа час, лічыць ён, “неабходна ўмацаваць <…> на расійскім рынку”.

Выступаючы 30 студзеня на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка на той момант намеснік кіраўніка рэгулятара Дзмітрый Калечыц падкрэсліў, што для беларускай эканомікі застаюцца актуальнымі ўразлівасці, абумоўленыя “знешнегандлёвай дзейнасцю, перш за ўсё павелічэнне дэфіцыту знешняга гандлю і яго нізкая краінавая дыверсіфікацыя”.

Праблемы з экспартам тавараў прызнаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дыпламатычных устаноў 31 ліпеня.

На “касякі” Савета міністраў указаў ён 23 верасня ў Мінску на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным.

“[Тэмпы росту] ВУП — 101,6%, але прасядаюць галоўныя галіны, — сказаў Лукашэнка. — І мяне што здзіўляе: я вам даручыў заняцца непасрэдна прамысловасцю. Добра па сельскай гаспадарцы — вы, магчыма, перасягнеце год. Ураджайнасць вышэйшая і гэтак далей. Але дзевяць месяцаў лічым — паглядзім. Хай там доля працэнта. Але адставанне і па прамысловасці. Ваша пытанне.

На рэпліку прэм’ера аб тым, што зніжэнне тычыцца толькі таварнага экспарту (разам з паслугамі продажу за мяжу выраслі на 1,2%), Лукашэнка зазначыў, што “і тавары трэба падцягваць, таму што тавары — гэта людзі”.

Падзяліцца: