Мінск 09:59

Лукашэнка спадзяецца на хуткае з’яўленне сумесных праектаў з Лаосам, чакае прэзідэнта гэтай краіны ў Мінску

Прэзідэнт Лаоса Тханглун Сісуліт
Архіўнае відэа: ютуб-канал прэзідэнта Генасамблеі ААН / стоп-кадр: "Позірк"

2 снежня, Позірк. Беларусь і Лаос маюць “неабходныя міждзяржаўныя інструменты і змястоўныя дамоўленасці” для таго, каб рэалізаваць “эканамічны патэнцыял партнёрства”, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 2 снежня лаоскага прэзідэнта Тханглуна Сісуліта і яго суайчыннікаў з 50-й гадавінай абвяшчэння Рэспублікі.

“Спадзяюся, у хуткім часе мы выйдзем на сумесныя праекты па мадэрнізацыі прамысловасці, гарантаванні харчовай бяспекі, механізацыі сельскай гаспадаркі, а таксама ў іншых сферах, якія маюць прынцыповае значэнне для нашых краін”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка заявіў, што “будзе рады вітаць прэзідэнта Лаоса ў Мінску з афіцыйным візітам для абмеркавання прыярытэтных пытанняў двухбаковага парадку дня, рэгіянальных і міжнародных праблем”.

Стасункі Беларусі і Лаоса, на думку Лукашэнкі “дэманструюць пазітыўную дынаміку, якая адлюстроўвае ўзаемную зацікаўленасць у паглыбленні супрацы ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай галінах у адпаведнасці з традыцыямі, закладзенымі дзесяцігоддзі таму”.

Каля трох тыдняў таму, 10 лістапада, Лукашэнка, віншуючы Сісуліта з 79-годдзем, заявіў, што чакае яго прыбыцця ў “гасцінную Беларусь”, каб абмеркаваць пытанні “практычнай рэалізацыі дамоўленасцей і вызначэння новых магчымасцей для раскрыцця існага патэнцыялу беларуска-лаоскіх стасункаў”.

МЗС Беларусі яшчэ сёлета ў ліпені анансавала візіт Сісуліта.

3 лістапада Лукашэнка падпісаў закон, які ратыфікуе пагадненне з урадам Лаоса аб узаемным скасаванні віз для кароткатэрміновага знаходжання.

Мінск і В’енцьян усталявалі дыпламатычныя стасункі 7 лютага 1994 года.

Падзяліцца: